Памежны камітэт: Тадэвуша Кандрусевіча не прапусцілі ў Беларусь, бо пашпарт прызнаны несапраўдным
14.09.2020 / 12:08
catholic.by
Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому 31 жніўня забаранілі вярнуцца на Радзіму, на мінулым тыдні атрымаў адказ на свой зварот па гэтым пытанні ў Дзяржаўным памежным камітэце, піша catholic.by.
У лісце за подпісам старшыні ДПК А. Лапо пададзена наступная прычына дзеянняў пагранічнікаў, якія не дазволілі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму ўехаць у Беларусь.
«Паведамляем, што Вы былі не прапушчаны праз дзяржаўную граніцу ў сувязі з прынятым органамі ўнутраных спраў рашэннем аб прызнанні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь [пададзены нумар], які вам належыць, несапраўдным.
Па пытанні прыняцця рашэння аб прызнанні Вашага пашпарта несапраўдным Вы маеце права звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў».
Атрымаўшы адказ з Пагранкамітэта, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца ў Міністэрства ўнутраных спраў для высвятлення сітуацыі і спадзяецца на магчымасць найхутчэйшага вяртання на Радзіму.