Надзея Скардзіна таксама падтрымала пратэстоўцаў: Беларусі нанесены велізарны іміджавы ўдар

У інтэрв'ю «Прэсболу» беларуская біятланістка, алімпійская чэмпіёнка падзялілася сваім бачаннем падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Спартсменка цяпер з мужам і сынам жыве ў Швейцарыі, але сочыць за грамадскім жыццём на радзіме. 

11.09.2020 / 16:30

«Я пражыла ў Беларусі сямнаццаць гадоў, і гэта мая краіна. Сачыла за падзеямі яшчэ да выбараў, калі толькі пачалі з'яўляцца тыя, хто хацеў зарэгістравацца ў кандыдаты ў прэзідэнты. Ужо тады награвалася абстаноўка, стала неспакойна. Пацярпелі нават тыя, хто проста стаяў у чарзе ў краму нацыянальнай сімволікі…

Я асабіста ведаю людзей, якія хацелі стаць назіральнікамі на выбарах, але не праходзілі ў склад камісій — ні адзін з маіх знаёмых туды не прайшоў. Гэта таксама нагнятала абстаноўку. Але тое, што здарылася потым, — мне наогул было цяжка ўявіць такое.

Беларусі нанесены велізарны іміджавы ўдар. Калі раней былі нейкія намаганні дыпламатаў, яны распавядалі пра нашу краіну як пра бяспечнае і прыгожае месца ў цэнтры Еўропы, то цяпер усе старанні зведзены на нішто. Замежныя СМІ напоўнены рэпартажамі і фатаграфіямі, якія выклікаюць сапраўдны шок. Хто пасля такога захоча ехаць у Беларусь?

Дарэчы, швейцарскі барэц, які прыехаў на зборы ў Мінск, вырашыў прагуляцца па горадзе і таксама трапіў у разборкі. Правёў 6 сутак у ІЧУ. Але яму пашанцавала, калі зразумелі, што іншаземец. Яшчэ лёгка абышлося… Умяшаўся міністр замежных спраў Швейцарыі, Макей быццам бы паспрыяў.

Вядома, сачу не толькі за мясцовымі СМІ, але і за беларускімі. Чула версію, што тым, хто выходзіць на мітынгі, плацяць па 30-60 рублёў. Але калі я бачыла дзяўчат у белых сукенках з кветкамі, якія такім чынам аказвалі падтрымку суайчыннікам, чыста псіхалагічна я была салідарная з імі.

Некаторыя казалі, што лепш не ўнікаць у тое, што адбываецца, таму што гэта вельмі цяжка, а я мама і ў мяне маленькае дзіця. Я прымаю гэты пункт гледжання як падтрымку, але я проста не магу абыякава глядзець на тое, што адбываецца, не магу абстрагавацца: я жывы чалавек.

А яшчэ мне крыўдна, што да выбараў расіяне выстаўляліся ледзь не ворагамі, якія з дапамогай сваіх кандыдатаў у прэзідэнты хацелі пазбавіць Беларусь незалежнасці. Потым, праўда, мы зноў сталі найлепшымі сябрамі, якія павінны жыць разам — на агульнай зямлі ад Уладзівастока да Берасця. Як усё заблытана, так?

Для мяне відавочна, што нашы людзі не хочуць гвалту. Яны выходзяць выключна на мірныя пратэсты — пра гэта кажуць мае знаёмыя і сябры. Людзі толькі патрабуюць справядлівасці. Яны не робяць нічога дрэннага, яны проста выходзяць на вуліцу, а супраць іх — АМАП і вайскоўцы.

Здаецца, цяпер многія баяцца пацярпець за тое, што публічна выкажуць уласнае меркаванне. Але я зараз кажу, таму што я беларуска, мой сын — беларус.

Заўважыла, дарэчы, за сабой апошнім часам, што, калі ў мяне пытаюцца, адкуль я, адказваю: з Беларусі. Потым, праўда, дадаю, што нарадзілася ў Расіі і там цяпер жыве мая сям'я. Але ў душы і ў сэрцы я даўно беларуска, і мне не ўсё роўна, што адбываецца ў маёй краіне. Я падтрымліваю свой народ. Лічу, усё першапачаткова можна было б вырашыць мірным шляхам.

Адсутнасць дыялогу — гэта шлях у нікуды. Гэта ініцыюе яшчэ больш масавы пратэст, беларусы толькі набіраюцца злосці. Самае страшнае, што ўсё больш людзей губляюць веру ў законнасць. Таму нам вельмі патрэбны дыялог.

Nashaniva.com