«Спачатку ў нас скралі краіну, цяпер выкрадаюць найлепшых з нас»: заява Святланы Алексіевіч
09.09.2020 / 11:43
Фота Надзеі Бужан
Святлана Алексіевіч, нобелеўская лаўрэатка, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра звярнулася з адкрытым лістом:
«Ужо не засталося нікога з маіх сяброў-аднадумцаў у прэзідыуме Каардынацыйнай рады. Усе ці ў турме, ці выкінутыя за мяжу. Сёння ўзялі, апошнім, Максіма Знака.
Спачатку ў нас скралі краіну, выкрадаюць найлепшых з нас. Але замест выдраных з нашых шэрагаў прыйдуць сотні іншых. Паўстаў не Каардынацыйны камітэт. Паўстала краіна. Я хачу паўтарыць тое, што гавару заўжды.
Мы не рыхтавалі пераварот. Мы хацелі не дапусціць расколу ў нашай краіне. Мы хацелі, каб у грамадстве пачаўся дыялог. Лукашэнка кажа, што не будзе размаўляць з вуліцай, а вуліца - гэта сотні тысяч людзей, якія кожную нядзелю і кожны дзень выходзяць на вуліцу. Гэта не вуліца. Гэта народ.
Людзі выходзяць на вуліцу са сваімі маленькімі дзецьмі, бо яны вераць, што яны перамогуць.
Яшчэ я хачу звярнуцца да рускай інтэлігенцыі, назавем гэта так па старым звычаі. Чаму вы маўчыце? Мы чуем толькі рэдкія галасы ў падтрымку. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як растоптвае маленькі, горды народ? Мы ўсё яшчэ вашы браты.
А свайму народу я хачу сказаць, што я люблю яго. Я ганаруся ім.
Вось зноў нехта невядомы звоніць у дзверы…»