Затрыманы юрыст Максім Знак — адзін з апошніх членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады на свабодзе
09.09.2020 / 09:06
Фота Надзеі Бужан
«У 8:30 у Максіма павінна было быць інтэрв'ю, ён не зайшоў у зум. Я яму патэлефанаваў, ён сказаў фразу «падобна хтосьці да нас прыйшоў» і адключыўся, [потым] напісаў слова «маскі». Цяпер ён недаступны», — паведаміў прадстаўнік штаба Бабарыкі Глеб Герман.
Максім Знак у гэты час быў у штабе Бабарыкі.
Пазней з'явілася фота яго затрымання.
Адвакат Знака Дзмітрый Лаеўскі распавёў TUT.BY, што справай займаецца Следчы камітэт.
— Следчы камітэт праводзіць працэсуальныя дзеянні, прычыны і падставы невядомыя. Цяпер у Максіма Знака дома плануецца ператрус, — сказаў Дзмітрый Лаеўскі.
У штаб Бабарыкі прэсу не пускаюць, але ў памяшканні знаходзяцца людзі, якія, мяркуючы па ўсім, нешта ламаюць. Да штаба прыехаў Максім Баграцоў, але ў яго таксама няма ніякай інфармацыі, акрамя здагадкі, што Максіма Знака даставілі ў штаб з дома.
Максім Знак і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч былі апошнімі з сямі членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады, якія знаходзяцца на свабодзе ў Беларусі.
Павел Латушка, Bольга Кавалькова былі вымушаныя выехаць за мяжу. Лілія Уласава знаходзіцца ў СІЗА, Сяргей Дылеўскі адбывае 15 сутак арышту, адбыўшы таксама ўжо іншыя 10 сутак.