Каардынацыйная рада: Калеснікава не збіралася пакідаць Беларусь

08.09.2020 / 08:38

Марыя Калеснікава не збіралася пакідаць межы Беларусі, заявіў член Каардынацыйнай рады Максім Знак.

Максім Знак паведаміў «Свабодзе», што не можа пацвердзіць выезд Калеснікавай, Краўцова і Раднянкова ва Украіну.

«Яны не выходзілі на сувязь. Акрамя таго, мы з Марыяй Калеснікавай абмярковалі сітуацыю пасля таго, што здарылася з Вольгай Кавальковай, якую вывезлі ў Польшчу. І Марыя казала, што ні ў якім разе не будзе згодная на выезд з краіны, калі такое здарыцца з ёю».

Учора раніцай Марыю Калеснікаву невядомыя забралі ў машыну з надпісам «Сувязь» каля Нацыянальнага музея. Таксама раніцай зніклі чальцы КР Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў.

Сёння раніцай Памежны камітэт паведаміў, што Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў перасеклі мяжу з Украінай на памежным пераходзе «Аляксандраўка» ў Нараўлянскім раёне. На «Беларусь 1» паведамілі, што Калеснікаву на мяжы затрымалі.

Nashaniva.com