«Выхадам з тупіка могуць стаць толькі новыя выбары». Кіраўнік МЗС Літвы адказаў Макею

26.08.2020 / 12:33

Макей і Лінкявічус у Мінску паўгода таму, 4 лютага 2020 года. Фота Надзеі Бужан

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус у сваім twitter апублікаваў вытрымкі з адказу свайму беларускаму калегу Уладзіміру Макею. Міністр піша, што парушэнні грамадзянскіх правоў і злачынствы супраць уласных грамадзян непрымальныя ў дэмакратычнай дзяржаве.

Так, Уладзімір, я ведаю цябе, Беларусь, і яшчэ больш спазнаю беларусаў, якія як ніколі раней вырашылі не маўчаць, не зважаючы на гвалт, запалохванні, зняволенні і, як стала вядома, катаванні і адкрытыя здзекі і не змірыліся з падманам і аднятым правам на выбары, — піша Лінкявічус.

Міністр кажа, што не заўважаць новую рэальнасць, было б недаравальна. Што ж тычыцца санкцый, то, нагадаў, міністр у 2016 годзе большасць з іх былі адкліканыя, бо Еўропа паверыла ў шчырасць намераў беларускіх уладаў адмовіцца ад рэпрэсій.

— Кіраўніцтва вашай краіны ўласнаручна разбурыла гэтую надзею, як і тыя далікатныя прыкметы супрацоўніцтва і канструктыўнага дыялогу, — піша Лінкявічус.

Кіраўнік літоўскага МЗС зазначае, што яго краіна не мае намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, яна таксама зацікаўленая ў тым, каб наша краіна і далей заставалася незалежнай і суверэннай. Добрасуседскія адносіны паміж нашымі краінамі магчымыя толькі пры ўмове, што беларускія ўлады наладзяць дыялог з грамадзянскай супольнасцю.

— Выхадам з гэтага маральнага і палітычнага тупіку могуць паслужыць толькі новыя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары кіраўніка дзяржавы, — мяркуе Лінкявічус.

Мой ответ Владимиру Макею pic.twitter.com/86JBga47zg

— Linas Linkevicius (@LinkeviciusL) August 26, 2020

Нагадаем, на мінулым тыдні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей апублікаваў зварот да калег з краін ЕС і пачаў яго наступнай фразай: «Калегі, міністры замежных спраў краін ЕС, звяртаюся да вас у сувязі з вашымі шматлікімі заявамі ў дачыненні да маёй краіны. Вы выдатна ведаеце мяне, ведаеце Беларусь і беларусаў».

Макей напісаў зварот да міністраў замежных спраў ЕС. Просіць не ўводзіць санкцыі

Nashaniva.com