З'явілася АЎДЫЯ, як уся камісія з Віцебска цісне на настаўніцу, каб тая падпісала сфальсіфікаваны пратакол 

24.08.2020 / 16:18

На YouTube з'явілася яшчэ адно аўдыяпацвярджанне, як праходзіла галасаванне на выбарах прэзідэнта ў Віцебску: старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №26 у СШ №44 Марына Печань прымушае калег падпісаць сфальсіфікаваны пратакол, піша TUT.BY. Адзначым, што гэта ўсё тая ж 44-я віцебская школа, у якой раней з'явіўся аўдыязапіс, які пацвярджае, што, як мяркуецца, кіраўнік раёна Сяргей Сташэўскі прымушаў настаўнікаў на ўчастку №25 змяніць пратакол пасля выбараў.

На новым запісе чутна размова старшыні ўчастковай камісіі, выхавальніцы прадоўжанага дня віцебскай СШ №44 Марыны Печань, з яе членамі.

Марына Печань і калегі просяць падпісаць «іншы» пратакол, які адрозніваецца ад гэтага, настаўніцу, да якой звяртаюцца «Света».

Святлана пярэчыць:

— Тут няпраўда, Марына Мікалаеўна.

— Я разумею, што тут няпраўда, Света, — згаджаецца Марына Печань.

Далей некаторыя фразы вымаўленыя неразборліва.

— І як я буду свайму дзіцяці ў вочы глядзець? — пытаецца сябра камісіі Святлана.

(Мяркуючы па ўсім, гэта настаўніца малодшых класаў Святлана Шунякова. З усіх членаў камісіі толькі яе імя ў падпісаным пратаколе пачынаецца на С. і толькі яе подпісу ў ім няма. — Заўв. TUT.BY.)

Фота прадастаўлена віцебскімі незалежнымі назіральнікамі

— Света, як ты не можаш зразумець: іх знімуць заўтра [як мяркуецца, гаворка пра сфальсіфікаваныя пратаколы].

— Марына, я цябе прасіла: не ўмешвай мяне [усе]. Я не хацела [быць у камісіі]. Я ў траўні табе пра гэта казала.

— Канец [меркавана — фальсіфікацыям пры падліку галасоў на выбарах] будзе, але, напэўна, не ў гэты раз.

— Хай будзе канец, але не з маім подпісам. Хочаце, падрабляйце [мой подпіс].

— Але ў мяне не прымуць дакументы, Света, — спрабуе ўгаварыць калегу Марына Печань.

— Марына, не цісні мне на сумленне. Я не ведаю, як мне спаць, калі я падпішу гэта.

Святлану «бяруць у абарот» і іншыя калегі:

— У нас ёсць дзеці, мы ўсе за іх баімся. Ёсць крэдыты.

— Вось менавіта: у мяне ёсць дзеці, — адстойвае сваю пазіцыю Святлана.

У нейкі момант у памяшканні гучаць мужчынскія галасы:

— Дзяўчаты, вам дапамагчы?

— Не, пакуль усё добра.

Святлану зноў пачынаюць «апрацоўваць».

— Я не змагу выехаць, пакуль не будзе да канца падпісаны пратакол, — кажа старшыня камісіі.

— Ну як так, Марына? — здзіўляецца Святлана. — Нават блізка там [у пратаколе] няма таго, што праўда!

— Я разумею гэта ўсё. Света, у мяне ў самой вось тут вось [як мяркуецца, паказвае на горла], — запэўнівае Печань.

— Я вас прасіла-маліла: не стаўце мяне нікуды, — амаль са слязьмі кажа Святлана.

Жанчыны працягваюць эмацыйна абмяркоўваць тое, што адбываецца.

У памяшканне зноў заходзіць мужчына:

— Можа быць, нам умяшацца ў гэты працэс?

— Не, не трэба, — запэўніваюць яго жанчыны.

— А вы сёння будзеце спаць наогул? — пытаецца ў калег Святлана.

— Давайце не будзем гучна гаварыць, прыцягваць да сябе ўвагу, — сыходзіць ад адказу на пытанне Печань.

У рэшце рэшт Святлану даводзяць да слёз, але яна не падпісвае пратакол.

Адна з калегаў у яе пытаецца:

— Света, што нам рабіць?

— Жыць сумленна, — адказвае педагог.

TUT.BY не змог атрымаць аператыўны каментар па сітуацыі ні ў аднаго з меркаваных удзельнікаў.

Мы датэлефанаваліся толькі да дырэктара СШ №44 Віцебска Сяргея Піталенкі.

— Вось ужо другі аўдыязапіс з вашай школы трапіў у інтэрнэт.

— На жаль.

— Скажыце, на гэтым запісе размаўляюць паміж сабой супрацоўнікі вашай школы?

— Не ведаю. Не буду каментаваць. Як гаворыцца, я на паўзе. Я быў на ўчастку №25, займаўся сваёй працай. І што адбывалася на ўчастку №26, не ведаю.

— Мы можам атрымаць каментары адносна гэтага запісу ва ўдзельнікаў размовы: Марыны Печань і Святланы Шуняковай?

— Яны ўсе ў адпачынку. У школе іх няма.

Nashaniva.com