У Мінску адбыўся «Марш новай Беларусі»
абнаўлялася анлайн
23.08.2020 / 13:43
У нядзелю 23 жніўня ў Мінску пад бел-чырвона-белымі сцягамі прайшоў шматтысячны Марш новай Беларусі. Сотні тысяч беларусаў сабраліся ля плошчы Незалежнасці і рушылі вялікай калонай да Стэлы, а пасля — да плошчы Дзяржаўнага Сцяга, што за Палацам Незалежнасці.
Паколькі праспект Пераможцаў загарадзіў АМАП, не даўшы людзям стаць на плошчы Дзяржаўнага Сцяга, пратэстоўцы развярнуліся і пачалі разыходзіцца. У гэты момант у свой палац пад прыцэламі тэлекамер прыляцеў Аляксандр Лукашэнка з аўтаматам — выразная дэманстрацыя сваёй гатоўнасці ісці да канца. Яго пасланне дысаніравала з агульнай святочнай атмасферай.
На вуліцы Мінска выйшла вельмі розная публіка: быў і сярэдні клас, і рабочыя, і госці з рэгіёнаў.
Панавала атмасфера карнавалу і ўздыму. Мінчукі віталі шэсце сцягамі з балконаў і дахаў. Жанглёр цырка дэманстраваў сваё майстэрства пад апладысменты. Былі барабаны, людзі ў крэатыўных касцюмах і тысячы плакатаў, а таксама шыльды з назвамі сваіх прадпрыемстваў і населеных пунктаў.
А калі ўлады з мэтай псіхалагічнага ўздзеяння ўключылі гучнамоўнікі з савецкімі песнямі, народ жыва падпяваў «Первым делом самолеты»: «Первым делом, первым делом Лукашенко, а Ермошина, Ермошина потом».
Сёння людзям не дазволілі падысці да Стэлы, якая стала эмацыйным цэнтрам пратэсту тыдзень таму. Улады выставілі шчыльны кардон з аўтаматамі ў якасці дэманстрацыі сілы. Байцы трохі збянтэжана назіралі за сотнямі тысяч людзей, што ішлі, і ішлі, і ішлі побач, са сцягамі і кветкамі. Жыхары дома насупраць Стэлы вывесілі два гіганцкія нацыянальныя сцягі.
Калеснікава, Кавалькова, Латушка і Дылеўскі сёння на мітынгу агучылі патрабаванні Каардынацыйнай рады. Гэта адстаўка міністра ўнутраных спраў, абвяшчэнне новых выбараў, а таксама ініцыяванне адклікання дэпутатаў усіх узроўняў, калі яны не асудзяць гвалт і фальсіфікацыі.
Пакуль невядома ні пра адзін інцыдэнт падчас маршу, дэманстранты паводзілі сябе выключна мірна.
20:00
Ад Стэлы арганізавана адвялі салдат унутраных войск. Агароджа з калючага дроту пакуль застаецца.
19:59
На вуліцы Леніна людзі сышлі з праезнай часткі і рознымі шляхамі пайшлі ў бок плошчы Незалежнасці. АМАП таксама грузіцца ў свой транспарт. Рух па вуліцы Леніна ад перакрыжавання з Інтэрнацыянальнай пакуль яшчэ перакрыты.
19:47
Купкі дэманстрантаў паціху разыходзяцца.
19:35
Калона дэманстрантаў дайшла да перакрыжавання праспекта Пераможцаў і Інтэрнацыянальнай (на плошчы Перамогі). На праспект Незалежнасці іх не прапускаюць шарэнгі спецназу. Нехта збочвае на Нямігу, нехта на Зыбіцкую. Калона радзее.
19:06
Верталёт з чырвона-зялёным арнаментам прыляцеў з цэнтра горада, праляцеў над дэманстрантамі і пачаў кружыць над рэзідэнцыяй, сеў.
Пул першага пазней паведаміў, што ў верталёце прыляцеў сам Лукашэнка. Прычым выйшаў з верталёта ў бронекамізэльцы з аўтаматам, але без магазіна.
19:03
Тым часам у Маскве каля беларускага пасольства затрымалі сама меней 11 чалавек. Там таксама адбывалася акцыя салідарнасці з беларусамі.
18:50
Натоўп разварочваецца, ідзе ў бок Нямігі. На развітанне крычаць: «Кожны дзень».
Тым часам пачаліся праблемы з мабільным інтэрнетам.
18:41
Супрацьстаянне працягваецца. Адлегласць захоўваецца.
18:40
Ля рэзідэнцыі Лукашэнкі напружана, паведамляе Свабода. Людзі падыходзяць да ланцуга АМАПа, яны крычаць салдатам: «Апусці шчыты, ты даваў прысягу»!
18:26
Адглегласць ад ачаплення да дэманстрантаў складае некалькі дзясяткаў метраў.
Фота «Чай з малінавым варэннем»
18:17
Каля Палаца Незалежнасці стаяць штурмавыя комплексы «Рубеж», з дапамогай якіх разганялі пратэсты ў ноч з 9 на 10 жніўня.
18:16
Машыны з мігалкамі, на іх стаіць спецназ.
18:05
Людзі ідуць ад стэлы да Палаца Незалежнасці. Дзясяткі тысяч. Дарога ля Палаца перакрыта некалькімі кардонамі, вайсковая тэхніка з сіне-чырвонымі мігалкамі.
Не даходзячы да БелЭкспа, праспект Пераможцаў перакрылі сілавікі.
17:55
Ад вуліцы Валадарскага да стэлы паехалі 10-15 аўтобусаў і мікрааўтобусаў, а таксама 4 аўтазакі, піша Tut.by
Каля стэлы людзі паволі падыходзяць усё бліжэй да сілавікоў. Адны ўдзельнікі акцыі стрымліваюць іншых, каб не падыходзілі занадта блізка. З калонак па-ранейшаму гучаць заклікі разысціся.
Тым часам былі заўважаныя салдаты са снайперскімі вінтоўкамі СВД і гранатамётам РПГ-7.
Каля стэлы ў 17:16. Tut.by
17:45
На праспекце Пераможцаў, непадалёк ад стэлы прайшоў невялікі мітынг, выступілі Калеснікава, Кавалькова, Латушка і Дылеўскі. Яны агучылі патрабаванні Каардынацыйнай рады: адстаўка міністра ўнутраных спраў, абвяшчэнне новых выбараў, а таксама ініцыяваць адкліканне дэпутатаў усіх узроўняў, калі яны не асудзяць гвалт і фальсіфікацыі.
З дынамікаў перыядычна даносіцца: разыходзьцеся, не вымушайце прымяняць фізічную сілу і спецсродкі.
Паміж заклікамі ўключаюць савецкія песні.
17:20
Цяпер людзі стаяць на схілах каля гасцініцы «Планета» і на праспекце Пераможцаў, на бок стэлы пераходзіць не спрабуюць. Стэла ачэпленая некалькімі радамі сілавікоў, часам яны групамі перамяшчаюцца ўнутры ачэпленага перыметра. З гучнагаварыцеляў даносяцца просьбы разысціся, людзі рэагуюць на гэта крыкамі «Фу!».
17:04
Дзясяткі тысяч каля Стэлы. Усё ачэплена, каля 1000 сілавікоў, усе ў касках, агароджана. Адны вайскоўцы ў камуфляжы, іншыя ў форме. Прыйшлі Калеснікава і Кавалькова, просяць адысці на адваротны бок і не лезці, валанцёры адгарадзіліся.
Калеснікава, Кавалькова, Латушка, Максім Знак і Сяргей Дылеўскі (МТЗ) вырашаюць, што рабіць далей.
У кожнага вайскоўца ў ачапленні за спінай - аўтамат Калашнікава.
17:00
Каля ГУМа людзей сагналі з праезнай часткі, цяпер яны ідуць па ходніках. Па праспекце пусцілі рух.
Станцыі метро «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая» і «Плошча Перамогі» адкрылі для пасадкі і высадкі пасажыраў.
17:26
У Гомелі пратэстоўцы зрабілі вялікае кола — прайшлі праз праспект Леніна, звярнулі на праспект Перамогі і зноў выйшлі на Савецкую. Цяпер ідуць да плошчы Леніна. Калона расцягнулася на некалькі кіламетраў.
16:50
У напрамку Стэлы па праспекце Машэрава ідуць тысячы людзей.
16:45
Будматэрыялы ў арцы на Леніна.
16:40
Дзясяткі юнакоў са сцягамі залезлі на дах дома на праспекце.
16:30
Частка людзей ідзе па праспекце Пераможцаў. Галава прайшла «Галерэю» і наблізілася да «Планеты». Дзясяткі тысяч у калоне. Там ужо стаяць вайскоўцы.
Хвост — каля Чырвонага касцёла.
Частка пайшла ад плошчы Перамогі да Якуба Коласа.
16:27
У Магілёве на плошчы Славы сабралася блізу чатырох тысяч удзельнікаў маршу «За новую Беларусь», піша Свабода.
Апошні раз на найстарэйшым пляцы апазіцыйна настроеныя гараджане збіраліся ў 1996 годзе — на «Чарнобыльскім шляху». У далейшым плошча станавілася месцам правядзення афіцыйных імпрэзаў. Цяпер пратэстоўцы разышліся па плошчы. Частка ўдзельнічае ў мітынгу, які праводзяць прыхільнікі Святланы Ціханоўскай.
16:24
Людзі працягваюць гуляць па праспекце Незалежнасці. Частка пайшла ў бок праспекта Пераможцаў, шмат людзей ля цырка, частка гуляе па Кастрычніцкай. А хвост калоны яшчэ на самой плошчы Незалежнасці.
16:20
Каля Стэлы паставілі калючы дрот і агароджы. На праспекце людзі скандуюць «Трыбунал» і «Караева ў турму».
16:11
У гандлёвым цэнтры «Галерэя», які знаходзіцца ў пачатку праспекта Пераможцаў, толькі што абвясцілі пра экстранае закрыццё.
16:06
16:06
Каля тысячы чалавек сабраліся каля СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Яны занялі ходнікі і праезную частку вуліцы, крычаць хорам насупраць муроў турмы: «Выпускай!» Непадалёк стаяць дзве машыны з АМАПам, інцыдэнтаў няма.
16:00
Людзі проста гуляюць па праспекце. Вялікая калона ідзе ў бок Кастрычніцкай плошчы.
15:49
Вось, што распавёў «Нашай Ніве» рабочы МТЗ.
«Ёсць перашкода для масавай забастоўкі: многія жывуць у інтэрнатах, нас палохаюць звальненнем, а гэта значыць, што страціцца і інтэрнат. Палохаюць пазбаўленнем прэмій таксама. Таму я не думаю, што маштабная забастоўка ўсё ж адбудзецца, але мы верым у сілу мірных пратэстаў. Гісторыя ўжо паказвала, што яны ўрэшце прыводзяць да перамен. Дзе тыдзень, там два, там месяц, галоўнае не спыняцца і ісці да канца».
15:48
Акцыі праходзяць і ў рэгіёнах. У Гомелі каля тэатра сабраліся некалькі тысяч чалавек. У Брэсце дэманстранты сабраліся на плошчы Леніна. У Магілёве людзі пачалі збірацца на праспекце Міру каля аблвыканкама. У Віцебску людзі пайшлі шэсцем па вуліцы Леніна.
15:39
Людзі працягваюць сцягвацца на праспект.
15:31
Праспект перакрыты па плошчы Перамогі, натоўпы, колькі відаць, ідуць у бок плошчы Незалежнасці.
15:23
Людзі скандуюць: «Трыбунал» і «Адпускай». «Не забудзем, не даруем». І канечне — «Жыве Беларусь!»
Людзі ідуць з Раманаўскай слабады
15:12
Адзін з папулярных лозунгаў: «Сабачку, сабачку» (імітацыя пад «За бацьку» на афіцыйным мітынгу).
15:11
15:08
На плошчы Незалежнасці грае саўндтрэк з «17 імгненняў вясны». Бярэ за душу.
Фота Алеся Пашкевіча
14:57
На плошчы Незалежнасці ўлады ўключылі дынамікі, з якіх папярэджваюць, што грамадзяне парушаюць заканадаўства, а таксама песню «В городском саду» ў выкананні Кабзона.
14:52
На праспекце Незалежнасці — дзясяткі тысяч людзей. Людзі гукаюць: «Не забудзем, не даруем».
14:47
Па Кальварыйскай з двух бакоў ідуць групы людзей, сотнямі, загорнутыя ў бчб сцягі.
14:45
Дэманстранты перакрылі праспект Незалежнасці на плошчы Незалежнасці. Рух перакрыты.
Пакуль больш за 10 тысяч.
14:43
Людзей на плошчы так шмат, што падысці з боку праспекта немагчыма, людзі стаяць на праспекце, бо няма як уперад рухацца. ДАІ праспект перакрываць пакуль не хоча, таму па праезнай частцы рухацца не выпадае.
14:41
14:35
Аўтазакі на Валадарскага.
14:33
Ля плошчы Перамогі калона пратэстоўцаў, якія ідуць да плошчы Незалежнасці, не канчаецца ўжо 25 хвілін.
14:31
Прыйшла калона медыкаў, акцёры Купалаўскага.
14:30
Праход з боку БДПУ на Плошчу Незалежнасці перакрыты. Таму людзі ад Інстытута культуры спрабуюць прайсці на плошчу праз вуліцу Мяснікова.
14:27
На плошчы Незалежнасці людзі скандуюць: «Сыходзь». Машыны няспынна сігналяць.
14:26
У Брэсце і Віцебску сабралася па некалькі сотняў людзей.
За парадкам у Брэсце на месцы дэманстрацыі сочаць былыя вайскоўцы 38-й брыгады. Дэсантнікі з былым камбрыгам Валерыем Сахашчыкам прыйшлі на плошчу са сцягамі ПДВ. Іх з'яўленне людзі сустрэлі апладысментамі.
14:25
14:23
14:22
У Гродне на Савецкай плошчы сабралася на Марш салідарнасці каля 2 тысяч, гэта рабочыя заводаў у працоўнай форме. Міліцыя папярэджвае ў гукаўзмацняльнік, што мерапрыемства несанкцыянаванае, у адказ дэманстранты пляскаюць у ладкі і скандуюць «Жыве Беларусь», «Сыходзь», «Свабоду».
Затым каля трох тысяч рушылі з Савецкай плошчы на плошчу Леніна кароткім шляхам, праз Савецкую вуліцу. Скандуюць «Трыбунал», «Забойцы», «Ганьба».
14:15
На плошчы Незалежнасці некалькі тысяч.
14:14
Па Леніна на праспект рушаць сотні людзей.
14:13
14:06
Калона з Інстытута культуры злучылася з некалькімі сотнямі чалавек ля Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Зараз у калоне больш за тысячу чалавек. Яны рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасці.
Падобна, што людзей з Маскоўскай не прапускаюць.
13:57
Работнікі МТЗ аб'ядналіся з калонай калег, якая ідзе ад МЗКЦ і МАЗа ля прахадной трактарнага завода. Далей калона рушыла па Даўгабродскай у бок Мотавелазавода.
13:55
На будынку Мінгарвыканкама ўключыўся гучнагаварыцель: ён заклікае тых, хто сабраўся на плошчы Незалежнасці, разысціся. І папярэджвае аб адказнасці.
13:53
13:48
На праспекце Незалежнасці, асноўных праспектах горада, плошчы Незалежнасці атмасфера мірная і святочная. Усюды ідуць калоны ці цякуць патокі людзей са сцягамі і плакатамі. А вось каля Стэлы на праспекце Пераможцаў выстаўлена ачапленне.
13:40
Кальварыйская вуліца.
13:35
Паток людзей цячэ ў цэнтр каля Мотавела на Партызанскім праспекце.
Людзі на плошчы Якуба Коласа зліваюцца ў суцэльны паток.
13:25
Калоны МЗКЦ і МТЗ не сустрэліся. Калона МЗКЦ не стала чакаць рабочых з Трактарнага завода.
13:23
На трасах Маладзечна — Мінск, Гродна — Мінск і іншых — гіганцкія хвасты машын, якія едуць у Мінск, рух запаволены. ДАІ перакрыла адну з палос, правяряюць машыны выбарачна.
13:18
Калона ідзе па праспекце Дзяржынскага
13:10
Плошча Незалежнасці і праспект Незалежнасці па стане на 13:00 не перакрытыя, праезд свабодны, паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы».
Аднак закрытыя станцыі метро «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская» і «плошча Перамогі».
***
Машыны з сілавікамі, якія ад 9 жніўня штодзень прыязджаюць на дзяжурства ў цэнтр, сёння стаяць на вуліцах Савецкай, Камсамольскай, Валадарскай, Берсана, Свярдлова, каля стадыёна «Дынама».
АНТ паведаміла, што ў Мінску адменены пралукашэнкаўскі аўтапрабег.
Па Партызанскім праспекце ідзе невялікая калона рабочых з МЗКЦ. На Трактарным іх чакае калона з некалькіх дзясяткаў чалавек з МТЗ пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Да МТЗ прыехала група шахцёраў Беларуськалія.