Дырэктар Інстытута гісторыі: Пад бел-чырвона-белым сцягам апрыёры рухаюцца да знешняга пратэктарату

20.08.2020 / 23:43

Па БТ паказалі прапагандысцкі сюжэт пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг нібыта выкарыстоўваўся ў гады вайны акупантамі.

«Беларусь да перамен штурхаюць пад сцягам, які ў гады вайны неслі па вуліцах разам з сімволікай фашызму. Для тых, хто забыў гісторыю — думка эксперта», — анансавала вядучая.

Экспертам выступіў сам дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч.

Ён адзначыў, што сцяг выкарыстоўваўся беларускімі калабарантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якія «супрацоўнічалі з акупацыйнымі нацысцкімі ўладамі, разлічваючы, што, можа, удасца стварыць нейкую дзяржаву».

«У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты сцяг быў процістаяннем з Савецкім Саюзам, савецкімі партызанамі, якія вялі барацьбу з акупантамі і дзякуючы подзвігу якіх мы сёння існуём і жывём у незалежнай Беларусі. Калі б не было той перамогі, не было б ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь», — перакананы Даніловіч.

«Варта задумацца, да чаго вядзём з гэтым сцягам, — заклікае дырэктар Інстытута гісторыі. — Па сутнасці, калі мы станем на пазіцыі беларускіх нацыянальных калабарацыяністаў, то … яны хацелі стварыць нейкую беларускую дзяржаву, але стварыць пад нямецкім пратэктаратам. Размова нават не ішла, каб стварыць незалежную дзяржаву.

Гэта значыць, апрыёры гаворыцца пра тое, што трэба рухацца пад гэтым сцягам да нейкага пратэктарату са знешняга боку».

Трэба сказаць, што сюжэт перабіваўся сённяшнімі кадрамі з бел-чырвона-белымі сцягамі, здымкамі ў часы акупацыі, а таксама кадрамі са шчаслівымі людзьмі з чырвона-зялёнымі сцягамі.

Nashaniva.com