Самыя прыгожыя студэнткі Ўсходняй Еўропы
Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч
На міжуніверсітэтскім конкурсе «Каралева Вясна-2009» армянка станчыла з чырвона-зялёным сцягам. А карона пераможцы паехала ў расійскі Стаўрапаль.
22.04.2009 / 13:17
У Менску прайшоў традыцыйны міжнародны конкурс грацыі і майстэрства «Каралева Вясна‑2009». Удзел у ім, апроч беларускіх дзяўчат, прымалі студэнткі ўніверсітэтаў Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі.
Ад конкурсаў «Міс…» «Каралева Вясна» адрозніваецца тым, што ўдзельніцам замест выхаду ў купальніках трэба прадэманстраваць свае творчыя здольнасці — станчыць ці праспяваць, напрыклад. Студэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэту, армянка Нарынэ Аганджанян, падышла да задання досыць неардынарна — станчыла народны армянскі танец… з беларускай дзяржаўнай сімволікай. І атрымала карону другой віцэ‑міс і прыз глядацкіх сімпатыяў. Прадстаўнікі дыяспары спантанна ўстроілі феерычнае святкаванне — танчылі і спявалі на сцэне, падкідвалі Нарынэ на руках.
А галоўны прыз дастаўся Таццяне Лебедзевай са Стаўрапаля. Усю працэдуру ўзнагароды яна праплакала — відаць, перамога для яе стала нечаканасцю.
Не абышлося без кур’ёзаў. Калі вядучы абвясціў «новы праект Раінчыка, перспектыўны дуэт «Жаночая ліга», зайграла фанаграма песні. А спявачкі выйсці не паспелі.
Народны армянскі танец з беларускай дзяржаўнай сімволікай
Таццяна Лебедзева, студэнтка Стаўрапальскага дзяржуніверсітэту,
атрымала карону "Каралевы вясны"
Ганна Лаўрэнцьева з Беларускага дзяржаўнага
ўніверсітэта фізічнай культуры стала першай віцэ-міс
Нарынэ Аганджанян стала другой віцэ-міс і атрымала прыз глядацкіх сімпатыяў
Прадстаўнікі армянскай дыяспары зладзілі сапраўднае святканне