Ужо 30 гадзін нічога не вядома пра галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча

12.08.2020 / 11:04

Ужо 30 гадзін невядомае месцазнаходжанне галоўнага рэдактара Нашай Нівы Ягора Марціновіча.

Уначы 11 жніўня ён вяртаўся на ўласным аўтамабілі дахаты пасля асвятлення акцыі пратэсту ў раёне ўніверсама «Рыга» ў Мінску. Па дарозе ён высадзіў на скрыжаванні Прытыцкага і Альшэўскага, ля Бонатэля, калегу-рэпарцёра Змітра Панкаўца. Пасля павінны быў забраць жонку, журналістку, з-пад гатэля «Арбіта» на вуліцы Прытыцкага.

Пасля гэтага сувязь з ім знікла, а 2:00 ён даслаў эсэмэску СОС. Імаверна, яго машыну спынілі, а яго затрымалі ў раёне паміж Бонатэлем і метро Пушкінская.

У гэты час у раёне Прытыцкага адбываўся разгон шматтысячнай акцыі пратэсту. 

Праз дзве гадзіны пасля гэтага ён даслаў яшчэ адну СМС: знаходзіцца ці то ў ЦІП, ці то ў Партызанскім РУУС, не можа вызначыць па мясцовасці.

Па стане на 9.00 12 жніўня МУС не магла даць дакладнай інфармацыі пра тое, дзе Ягор Марціновіч.

Nashaniva.com