«У мяне за плячыма 12 гадоў працы ў органах»: 20 незалежных назіральнікаў штодзённа дзяжураць пад школай у Каменнай Горцы

06.08.2020 / 12:19

Сярэдняя школа №59 на вуліцы Лідскай на ўскраіне Мінска. 17:20, серада. На ганку ўстановы, а таксама на блізкіх лавачках стаяць і сядзяць два дзясяткі чалавек. Не, яны не прыйшлі падаваць дакументы на вучобу для сваіх дзяцей і не проста так вылезлі з кватэры пад сонца, каб паразмаўляць з суседзямі. Гэта незалежныя назіральнікі.

Усіх іх не пусцілі на ўчасткі для галасавання (у школе іх адразу чатыры), бо месцы ёсць толькі для «сваіх». Назіральнікаў ад БРСМ, «Белай Русі» і іншых сацыяльна-спартыўных партый.

Ранкам 4 жніўня дырэктарка школы выклікала патрэбных назіральнікаў — гэта тыя самыя настаўнікі гэтай школы, а ўсім іншым забараніла ўваход на тэрыторыю, нават у прыбіральню. Але людзі не разыходзяцца. Нават у такіх неспрыяльных абставінах яны працягваюць рабіць сваю работу.

Хоць лічыць цяжка: пры школе працуе басейн, і складана зразумець, ці чалавек ідзе прагаласаваць датэрмінова, ці паплаваць. Даводзіцца пытацца ў людзей, куды яны ідуць.

Гэта самае сэрца Каменнай Горкі, аднаго з найбольш спецыфічных раёнаў Мінска. Тут адзін за адным шчыльна натыканыя шматпавярховікі, зусім мала зеляніны, затое шмат людзей. Кватэры на Каменнай Горцы атрымлівалі льготнікі: шматдзетныя сем’і, супрацоўнікі дзяржаўных органаў. Гэта падобна да горада ў горадзе.

Назіральнікі хутка самаарганізаваліся: склалі графік дзяжурстваў, але пад вечар усё адно збіраюцца дзясяткі чалавек — падтрымаць. У першы дзень толькі адна старшыня выбарчых камісій з чатырох дазволіла азнаёміцца з пратаколам за дзень, астатнія дазнаюцца праз выбарцаў, а дырэктарка Наталля Чухманава выклікала на назіральнікаў міліцыю. Толькі сілавікі змаглі выціснуць іх за межы ўстановы.

Наталля Чухманава раней узначальвала ўпраўленне ідэалагічнай работы Савецкага раёна Мінска, а цяпер працуе дырэктаркай школы

Назаўтра гэтыя людзі зноў сабраліся. Хоць шчыра прызнаюцца, што было страшна. Гэта не прапаленая арыштамі і суткамі партыйная апазіцыя. Гэтыя людзі робяць першыя крокі ў палітычным жыцці. Таму так шмат расчараванняў і так многа наіўнасці для людзей, якія даўно «ў тэме».

Тут жа прафсаюзны дзеяч і актывіст БНФ Сяргей Антусевіч. Раней ён жыў у Гродне, але гадоў пяць як пераехаў у Мінск. У палітычных кампаніях удзельнічае ўжо больш за дваццаць гадоў, быў дэпутатам мясцовага савета. Кажа, што ніколі яшчэ раней не бачыў такой людской актыўнасці, як і ніколі не бачыў такога бесцырымоннага хамства з боку прадстаўнікоў камісій.

«Наша Ніва» пазнаёмілася з некаторымі назіральнікамі, што стаяць пад сценамі школы.

Пстрычкай стаў каранавірус

«Мне 45 гадоў. Да 28 гадоў я гуляла, потым нараджала дзяцей, потым іх гадавала, потым працавала як конь, бо дзяцей у мяне чацвёра. Мы з мужам былі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, цяпер закрылі ўсё», — пачынае свой аповед Таццяна Рабцэвіч.

«Сёлета здарыўся каранавірус, у мяне з’явіўся вольны час. Я чытала навіны пра пандэмію, усё адсочвала. Дзяцей не пускала ў школу, старэйшая таксама амаль не хадзіла ў каледж. Я стала адсочваць сацыяльныя сеткі, даведалася, што такое тэлеграм. І мне цяпер вельмі сорамна, што я была такой настолькі глыбока старажытнай: я не ведала, што ў нас у краіне знік Захаранка.

Потым я ўжо ўспомніла, як у 2010-м сяброўкі клікалі мяне на Плошчу. У мяне былі маленькія дзеці, я была цяжарная двойняй, таму адказала «не». І мне казалі, што праз такіх, як я, у нас у краіне ўсё менавіта так. І цяпер я тое самае кажу сваім знаёмым. Сёлета я вельмі моцна ва ўсё ўключылася. Мяне падтрымліваюць сябры, муж, дзеці.

Пстрычкай стала стаўленне нашага ўрада да каранавіруса. Што б нас ні здарылася ў краіне, мы заўсёды застанемся толькі самі з сабой, ніхто нам ні ў чым не дапаможа. Вядома, за нас ніхто не павінен нічога рабіць, але нейкая падтрымка ад дзяржавы павінна быць. У нас жа 26 гадоў не было вайны, але дзе золатавалютныя запасы?

За кандыдатаў подпісы не збірала, але кожную нядзелю я была на Камароўцы на пікеце, хаця ўжо даўно за ўсіх распісалася. Кожную нядзелю, як «ойчанаш», там была. І на вялікіх пікетах за Ціханоўскую была на Бангалоры.

Гэта вялікая памылка ўлады — сагнаць усіх за рамкі. На ўваходзе ўбачыла трохножную камеру, я з ёй павіталася. Усе твары знятыя.

Вырашыла, што буду назіраць. Я сабрала подпісы грамадзян, амаль увесь дом наш «за». Выйшла на вуліцу пакурыць, сабрала 20 подпісаў, гэта ўвогуле не праблема.

У мяне ў школе вучацца дзеці. Я не баюся. Няхай мяне баяцца. Мае дзеці займаюцца тут футболам, калі праходзяць нейкія турніры, то здаюць па 150 рублёў з кожнай каманды. Куды ідуць грошы, незразумела. Вельмі шмат пабораў: то на адно, то на іншае. Адназначна да мяне прыйдуць з праверкай, але няхай яны так жывуць, як я жыву».

«Я не магу зразумець, што імі рухае»

Малады чалавек называецца Аляксеем Маслоўскім, расказвае, дзе працуе, але потым усё ж просіць не пазначаць месца працы, просіць падпісаць проста «студэнт». Хаця і тут перажывае, што яго могуць выключыць з ВНУ.

«Як грамадзянін Беларусі, заўсёды цікавіўся палітыкай, праводжу аналіз сітуацыі. Я разумеў, што тут у нас усё даведзена да абсурду. Але надзеяў на змены не было, бо мне здавалася, што ў нас усё пасіўна адбываецца.

Толькі ў апошні момант у мяне з’явілася натхненне, калі я пабачыў актыўнасць людзей. Па закліку штаба Ціханоўскай я зразумеў, што трэба хаця б паспрабаваць свае сілы ў назіральніках. У каардынатараў «Сумленных людзей» па Фрунзенскім раёне я даведаўся, як гэта ўсё адбываецца.

У вайбер-чаце звярнуўся да суседзяў з просьбай падпісацца за мяне. На гэта атрымаў проста шквал паведамленняў, усе былі гатовыя падпісацца. Гэта было пытанне хвілінаў трыццаці, толькі што па лесвіцы даводзілася хутка бегаць. Я рыхтаваўся, настройваўся, разумеў, што шмат што будзе неправамерна, чакаў расчараванняў, але калі я прыйшоў сюды і ўбачыў, то быў маральна знішчаны. Мае чаканні кепскага былі памножаныя на сто. Я нават не ўяўляў, што такое магчыма. Людзі [члены выбарчай камісіі] табе хлусяць, разумеюць, што хлусяць, але нават не апускаюць вочы. Глядзяць на нас з ухмылкай, маўляў, дурні сабраліся.

Мы пішам скаргі, заявы. Я кажу, што ў любым разе вам давядзецца адказаць. Тады я бачу, што яны пачынаюць палохацца, хаваюць бэйджыкі, не прадстаўляюцца. Яны разумеюць, што парушаюць закон, але я не магу зразумець, што імі рухае».

«Я проста хачу бачыць, як лічацца галасы»

Твар Аляксандра Кучынскага падаецца знаёмым. Так і ёсць, раней сустракаўся з ім на фэстах хатніх півавараў. Вы б пакаштавалі ягоную медавуху з парэчкамі і ананасам, якая гэта смаката! Аляксандр выйграў апошні фэст, там трэба было зварыць піва ў нямецкім стыле «гозэ» — гэта кісла-салёны гатунак. У жыцці Аляксандр дырэктар у кампаніі, якая працуе ў сферы бяспекі. На працы ўзяў адмыслова адпачынак, каб паназіраць за выбарамі.

«Да гэтага года я быў абсалютна апалітычным чалавекам, тым больш у мяне за плячыма 12 гадоў досведу працы ў органах. Мне захацелася паназіраць за сумленнымі выбарамі, вось і ўсё. Я паглядзеў шмат ролікаў і задумаўся, ці праўда тое, што там кажуць, ці сапраўды выбары так праходзяць, ці іх фальсіфікуюць.

Я не збіраюся ні за каго агітаваць, мне цікава бачыць працэс знутры. Калі ў Аляксандра Рыгоравіча будзе 95%, то я не супраць. Але пастаўце назіральнікаў і пакажыце ім гэтыя бюлетэні.

Мяне зачапіла фраза Лідзіі Ярмошынай: «Не лезьце ў наш агарод». Гэта быў адным з ключавых момантаў. Чый агарод? Я проста хачу бачыць, як лічацца галасы.

Як можна застацца сядзець дома і слухаць, што БТ кажа пра аднаго кандыдата? Карціна павінна быць поўнай. Я не веру ў 97% і 3%, але калі грамадзяне Беларусі больш не хочуць бачыць гэтага чалавека сваім прэзідэнтам, то ўсё павінна быць цалкам галосна. Не павінна быць двайных фармулёвак, трактаванняў, гэтых вілаў. Чаму нам не дазволяць знаходзіцца проста ля ўчастка?

Лішнія людзі? Але ж усе ходзяць у крамы, і там каранавірус не замінае. Запрасіце на сумленны падлік галасоў хоць аднаго з незалежных назіральнікаў. Дайце ўбачыць гэтыя бюлетэні!

Назіральнікі сядзяць на лаўках ля школы, хіба гэта нармальна? Я 25-ы ў спісе, я задаю пытанне, колькі чакаць? Наступных выбараў чакаць? У чым праблема запрасіць усіх назіральнікаў на апячатванне скрынкі, пакажыце, што ўсё добра. Чаму міліцыя адвозіць назіральнікаў на нейкія вусныя допыты?

У 1994 годзе, здаецца, галасаваў за Лукашэнку, мне бацькі так параілі. Я тады яшчэ не думаў асабліва, якая розніца ў 18 гадоў, хто будзе прэзідэнтам — абы вайны не было. Калі мама даведалася, што я буду назіральнікам, то пачала казаць «як так». А я хачу проста, каб усё было празрыста».

«За мяне падпісваліся ў доме Следчага камітэта»

Аксана Ткачук. Фота з фэйсбука

Аксана Ткачук дастаткова вядомы ў Мінску псіхолаг. Яна таксама вырашыла стаць назіральнікам сёлета, вядзе стрымы з тэрыторыі школы.

«У мяне такі ўзрост, які блізіцца да сталага. Я хачу рэшту жыцця правесці ў свабоднай краіне, дзе магу развівацца, дзе маё дзіцё можа развівацца, дзе ў мяне ёсць права голаса, дзе магу пісаць, што хачу. Я не хачу жыць у страху. У першы дзень выбараў выклікалі два нарады міліцыі, нас выціскалі з тэрыторыі школы. Шчыра, было страшна, калі я прыйшла дамоў, то рабіла ўкол ад ціску. Мы думалі, што гэта «наш» нарад, які мы выклікалі на парушэнні, але гэтую міліцыю выклікала дырэктарка.

Я пайшла ў назіральнікі па прынцыпе «хто, калі не я». У мяне вельмі актыўная жыццёвая пазіцыя, а цяпер і грамадзянская. У мяне шмат падпісчыкаў у фэйсбуку, я для іх нейкі аўтарытэт як псіхолаг. І я не магу гэтым не скарыстацца, бо ведаю, што мяне будуць шмат чытаць.

За маё вылучэнне ў назіральнікі падпісваліся нават жыхары дома, дзе я купіла кватэру. Толькі потым даведалася, што гэта службовы дом супрацоўнікаў Следчага камітэта. Шмат людзей пісала мне і ў асабістыя, і ў вайбер».

***

За пятнаццаць хвілін да афіцыйнага закрыцця ўчастку са школы выходзіць чалавек, які пытаецца, ці ёсць яшчэ ахвотныя прагаласаваць. Усе маўчаць, чалавек сыходзіць і замыкае на ключ дзверы. Літаральна праз пару хвілін да школы ляціць маладая жанчына, якая, па ёй добра відаць, чамусьці вельмі імкнулася прагаласаваць менавіта цяпер. Яна грукае ў дзверы раз, разварочваецца і сыходзіць, вяртаецца, зноў грукае, але так ніхто і не адчыняе.

Старшыні выбарчых камісій маўчаць, тэлефоны не здымаюць. У гэты дзень увогуле ніхто не даў азнаёміцца з пратаколамі, каб даведацца, колькі ж людзей афіцыйна прагаласавала. Хвілін дваццаць назіральнікі яшчэ спрабуюць дабіцца лічбаў, але потым вырашаюць сысці, тым больш ужо і машына міліцыі побач.

«Хочацца дажыць да 9-га яшчэ», — кажа адна з назіральніц.

Зміцер Панкавец, фоты Надзеі Бужан