«Дзе вас вучылі, што вашы ногі для таго, каб біць мірных людзей?» Штаб Бабарыкі звярнуўся да сілавікоў

15.07.2020 / 16:06

Штаб Віктара Бабарыкі, які зараз знаходзіцца за кратамі, звярнуўся праз сацсеткі і месенджары да сілавікоў.

«Гарады робяць прыгожымі не лядовыя палацы, чырвона-зялёныя сцягі або стэрыльнасць. Прыгожымі іх робяць свабодныя людзі на вуліцах.

Учора такіх людзей былі тысячы. Сябры, мы любім вас і ганарымся вамі. Мы разам з вамі, і гэтыя вуліцы належаць усім нам, колькі б раз іх ні перакрылі. Мы выказваем словы падтрымкі ўсім затрыманым учора людзям, так быць не павінна!

Зараз мы звяртаемся да АМАПа і міліцыі. Дзе вас вучылі, што вашы ногі для таго, каб біць мірных людзей? Дзе вам распавядалі, што сэнс вашай працы ў тым, каб хапаць нявінных людзей?

Памятаеце, што кожны раз, калі вы цягнеце чалавека ў машыну, калі ўчатырох накідваецеся на аднаго, вас здымае чыйсьці тэлефон. Вашы дзеянні ўбачаць мільёны.

Мы ведаем, што ўчора сярод сілавікоў былі тыя, хто не ляцелі зламаўшы галаву выконваць бесчалавечныя загады, а прапускалі людзей або раілі, дзе ім схавацца. Мы просім усіх сілавікоў браць прыклад з такіх калег».

«Сябры, мы захапляемся вашай адвагай, сілай і прыгажосцю! Мы кажам вам тое, што вам ніколі не скажа дзеючая ўлада: мы цэнім вас, любім і зробім усё, што ў нашых сілах, каб вы былі свабодныя», — гаворыцца ў звароце.

Nashaniva.com