Святлану Ціханоўскую зарэгістравалі, у адрозненне ад Бабарыкі

14.07.2020 / 13:16

Фота Надзеі Бужан

Цэнтрвыбаркам па прапанове Лідзіі Ярмошынай зарэгістраваў Святлану Ціханоўскую кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

У адрозненне ад Бабарыкі і Цапкалы, выбарчыя камісіі не забракавалі подпісаў, пастаўленых за Ціханоўскую. Затое пытанне ўзнікла да дома Гомельскай вобласці. Дом, куплены праз аўкцыён, не быў задэклараваны. Ціханоўская сказала, што калі падавала дэкларацыю, не ведала, ці завершана ўгода. Члены ЦВК удавалі роздумы наконт таго, ці дастаткова значнае гэта парушэнне, але ад пачатку было відавочна, што ў выпадку Ціханоўскай рашэнне аб рэгістрацыі прадвызначанае.

У сваім слове Ціханоўская была сціслая, гаварыла яна няўпэўнена.

«У нас быў вельмі цяжкі месяц», — сказала Ціханоўская. Яна падзякавала Андрэю Дзмітрыеву за добрыя словы ў падтрымку палітвязняў.

«Я спадзяюся на перамены», — сказала яна ў завяршэнне.

Такім чынам, кандыдатамі зарэгістраваныя Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чэрачань, Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка.

Віктар Бабарыка і Валер Цапкала не зарэгістраваныя.

Чытайце таксама: Бабарыку знялі з выбараў

{POLL#976}

Nashaniva.com