Віктар Марціновіч: Калі цябе прыбіраюць з эфіраў, табе падаецца, што ты выкараскаешся. Але потым усё сціхае
Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра «выключанасць» як асаблівы жыццёвы статус у нашай краіне.
08.07.2020 / 19:15
«Якая разумніца Станюта!» (з паста ў Facebook).
«Мартыненка звольніўся, Дудзінскі сышоў у адпачынак, праект Урангеля знялі з эфіру АНТ» («КП»).
«Канцэрт Дзядзі Вані (выканаўцы, які ў 2010 годзе выканаў песню Міхея Насарогава «Саня застанецца з намі», а цяпер выдаў адразу два крутыя пасты ў Instagram пра затрыманні. — В. М.) адменены ў Гомелі».
«Аляксей Грос, пераможца «Славянскага базару — 2016» […] не будзе ўдзельнічаць у канцэрце ў Палацы Незалежнасці» («КП»).
«Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі» («Свабода»).
Так ужо было.
Так было шмат разоў.
Маладзейшыя не памятаюць, я нагадаю.
У 2010 годзе Сяргей Дарафееў, вядоўца ток-шоу «Выбары-2010», наважыўся задаць настолькі вострыя пытанні Ярмошынай, што тая змушаная была сысці з эфіру. Тады кандыдата ў прэзідэнты Някляева збілі і затрымалі яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў, і я Дарафеева разумею. Не вытрымаў. Тут нямногія вытрымалі б. Хіба той, хто зусім без сумлення. Тады нават памяркоўныя газеты выходзілі з загалоўкамі «Уходя, гасите всех».
Першыя тыдні людзі, якія здзейснілі Учынак, яшчэ адчуваюць падтрымку. Сітуацыя яшчэ гарачая, абураных шмат, нехта піша добрыя словы ў прыват.
І падаецца: з табой — большасць. І так будзе заўсёды.
І калі цябе «выключаюць», прыбіраюць з эфіраў, з ратацыі на FM-станцыях, са сцэны, з музея, з кніжнай крамы, табе падаецца, што ты выкараскаешся.
Што людзі не дадуць табе згаладнець.
Але праз два месяцы пасля Учынку ўсё сціхае.
Людзі разыходзяцца па гародчыках капаць бульбу. Збіраюцца на адпачынак у Турэччыну. Пераносяць абурэнне на кухні. Людзі забываюць пра твой гераізм. Людзям, нарэшце, паказваюць новых вядоўцаў і спевакоў, новых герояў. Вясёлых, аптымістычных. Людзям прыемней бачыць тых, па кім не прайшлася сістэма. Бо так лягчэй забыць, дзе жывеш.
І ты застаешся сам-насам з сабой.
Самотнікам.
Чалавекам, якога ахінае моўчадзь.
І добра, калі ты, як Дарафееў (ці як Вадзім Пракоп’еў), можаш эміграваць. А калі не? Калі ўся твая музыка, твае песні, твае вершы і раманы — пра гэтую краіну і для гэтай краіны?
Тут пачынаецца такая драма, што пра яе нават не раскажаш словамі. Некалькі гадоў таму я чытаў вельмі сумную гісторыю пра легенду майго юнацтва Ігара Варашкевіча («Крама»). Яго, як і Вольскага, як і Хаменку («Палац»), як і Кулінковіча («Нейра Дзюбель»), унеслі пасля 2010 года ў чорныя спісы за выступ на «не тым» канцэрце. І ў тэксце апавядалася, як Варашкевіч, пазбаўлены вялікай сцэны, сабраў кавер-бэнд, выступае на малых пляцоўках за «невялікія грошы», карацей, «культурпартызаніць».
І настрой у тым тэксце быў такі, ведаеце — ні злосці, ні расчаравання, толькі ціхі сум. Вось як калі б Каліноўскі даў інтэрв’ю пасля шыбеніцы. Плакаць хацелася ад таго інтэрв’ю, але не з жалю да Майстра, якога за чалавечнасць (і менавіта за чалавечнасць!) пазбавілі права на творчасць.
Але праз нас, дурымараў, якія не шануюць тых, каго варта было б шанаваць.
Адметнасць 2020 года ў тым, што «выключаных» зрабілася вельмі, вельмі шмат.
І, вядома, наіўна думаць, што ўсё абыдзецца адной адменай канцэрта ці што Станюту слёзна паклічуць «абратна» на АНТ.
Выключанасць — гэта новы жыццёвы статус, якога вельмі цяжка, амаль немагчыма, пазбавіцца. Памятаеце, як у 2007-м «чорнаспісавыя» рокеры хадзілі да Праляскоўскага? І да чаго гэта прывяло (ні да чога)?
Кулінковічу давялося зрабіцца калумністам «СБ», каб зноў выйсці на сцэну.
Цяпер усё абцяжарваецца тым, што і пляцоўкі «народнай падтрымкі», збору грошай на новы альбом, новы цыкл перадач, новы кліп — выключаныя. І я не думаю, што «Моламола» хаця б калі-небудзь запрацуе ў РБ.
Мяне «выключылі» вельмі даўно.
Прыкладна ў 2000-м, бо ў 1999-м далі паступіць у аспірантуру, а ў 2001-м не далі абараніць напісаную ў той аспірантуры дысертацыю. І шапталі: «Такога не было нават за СССР».
Усё маё свядомае жыццё прайшло ў стане «выключанасці». Сустрэчы з чытачамі ў невялічкіх кнігарнях. Дробныя радасці ў выглядзе аўтограф-сесій, на якія збіраліся тыя, што пра мяне памяталі. Краіна будавала лядовыя палацы і праводзіла дні пісьменства, я пісаў свае тэксты ў спадзяванні на тое, што нехта калі-небудзь прачытае.
Часам — дзякуючы збегу абставін, дапамозе сімпатызантаў з таго боку — мяне «ўключалі», дапускалі да мікрафона, нешта блытана абяцалі. Але звычайна — як у песні «Аўкцыёна»:
«Что-то вручали, потом забирали, но ненадолго».
Што я маю сказаць «новым выключаным»?
Вы ўсё зрабілі правільна.
Па-іншаму было няможна.
Вы — людзі. І зрабілі па-людску.
То ніякай горычы.
Калі зробіцца цяжка, памятайце:
Сумленны чалавек мае раскошу глядзець людзям у вочы.
А з гэтай раскошай няма чаго гараваць.