«Успомніць, што такое «дзьмухавец», калі бяжыш 10 км/г — складана». У Беларусі практыкуюць новы спосаб вывучэння роднай мовы
24.06.2020 / 20:07
Ягор Кіпа ўжо другі ўдзельнік забаўляльнага шоу, дзе вядоўца выпрабоўвае на трываласць як фізічную падрыхтоўку ўдзельніка, так і яго ўзровень валодання беларускай мовай.
Грамадская кампанія «Годна» сумесна з «Арт Сядзібай» запускае «Мова Challenge». Мэта праекта — ладзіць незвычайныя ўрокі беларускай мовы для беларускіх селебрыці.
Першым вучнем стаў удзельнік маштабных тэлепраектаў «X-Фактар», «Ліга смеху», «Голас країни», фіналіст нацыянальнага адбору на Еўрабачанне 2016 года — Майкл Соул. Другім — лідар «Басоты», блогер, менеджар Бакея і проста гарадскі вар’ят — Ягор Кіпа. У якасці навучальнага класа была абрана трэнажорная зала Gym24.
Ідэя праекта простая: падчас таго, як удзельнік «Мова Challenge» займаецца на трэнажоры, вядоўца кажа яму слова па-беларуску, якое ён мусіць перакласці на рускую мову. І наадварот — з рускай на беларускую. У выпадку, калі чалавек не ведае перакладу, то хуткасць на трэнажоры паскараецца.
Падчас чэленджу мы даведаліся, што на хуткасці 10 км/г перакладаць словы складана. Ягор прызнае, што «Мова Challenge» з трасянкай магчыма атрымаўся б больш паспяховым. Але хто, калі не мы, вывучыць беларускую мову!
Такім чынам, мерапрыемства носіць адукацыйна-спартыўны характар. Але, перш за ўсё, безумоўна, забаўляльны.