«Наступае момант, калі ты кажаш сабе: «Стоп, хопіць». Вядучы АНТ патлумачыў, чаму адхрысціўся ад канала

20.06.2020 / 19:51

Інтэрнэт абмяркоўвае публічны дэмарш вядучага АНТ Артэміса Ахпаша, які абвінаваціў калег у хлусні. 

Чытайце: Тэлевядучы праграм на АНТ звярнуўся да калег: З «такім» тэлебачаннем мне не па дарозе

Артэміс Ахпаш, фота з сацыяльных сетак

«Наша Ніва» спытала ў Ахпаша, у які канкрэтна момант ён зразумеў, што яго калегі хлусяць. І таксама якой рэакцыі кіраўніцтва ён чакае. 

«Наступае момант, калі ты ўнутры сабе кажаш: «Стоп, хопіць», — адказаў Ахпаш.

Разрыву кантракту з АНТ ён не чакае, бо таго проста няма — з 2017 года ён супрацоўнічае з каналам як ІП. Але з тэлебачання, вядома, пасля свайго дэмаршу сыдзе. 

«Я проста не хачу далей мець справы нейкія, адносіны з нашым беларускім тэлебачаннем такім, якое яно ёсць у гэты момант. Калі яно памяняецца, то, можа, і вярнуся ў прафесію», — рэзюмаваў вядучы.

На АНТ, калі верыць раздзелу «каманда тэлеканала» на карпаратыўным сайце, Ахпаш быў сувядучым аднаго з праектаў АНТ — «Удача в придачу» з «Еўраоптам», а таксама вёў праграму «Хіт на сняданак». 

У рэзюмэ таксама ўказана праца на «Беларусь 2» і СТБ. 

Nashaniva.com