Як выглядае галерэя «Арт-Беларусь» без карцін Суціна, Цадкіна, Аляшкевіча
16.06.2020 / 15:08
16 чэрвеня выстава галерэі «Арт-Беларусь» у Палацы мастацтваў адкрылася без карцін. Замест іх каля мацаванняў на сценах — 45 QR-кодаў, якія вядуць на працы мастакоў з сайта галерэі, піша Tut.by.
Праект «Арт-Беларусь» вырас з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. У захоўванні праекта — 150 работ беларускіх мастакоў. Пасля таго, як банкам зацікавіліся сілавікі, 150 работ на 20 млн долараў далучылі да справы.
Галерэя працавала да 12 чэрвеня. З 13 чысла выстава была зачынена. З 16 чэрвеня ўваход на выставу вольны, але замест рам - контур з скотчу, замест карцін - QR-коды. Адсканаваўшы такі код праз тэлефон, наведвальнік выставы трапляе на сайт «Арт-Беларусі» з біяграфіямі і працамі беларускіх мастакоў — Суціна, Цадкіна, Аляшкевіча, Бакста, Сцялецкага і іншых.
Работнікі галерэі кажуць, робяць усё магчымае, каб гледачы маглі ўбачыць карціны, нягледзячы на тое, што іх няма - па тэлевізары паказваюць дакументальныя фільмы праекта «Арт-Беларусь», на сцяне пад столлю праз праектар транслююць працы з калекцыі банка.
Усяго ў зале змяшчалася каля 50 работ. Зараз яны і ўсе астатнія 100 знаходзяцца ў сховішчы, якое апячатана. У галерэі тлумачаць: проста так вывезці працы і паставіць іх у падвал нельга - трэба выконваць тэмпературны і светлавы рэжым, а ў галерэі для гэтага створаны ўсе ўмовы.
Нагадаем, 11 чэрвеня Белгазпрамбанкам зацікавіліся сілавікі, у офісе банка прайшоў ператрус. 12 чэрвеня стала вядома пра затрыманне топ-менеджараў банка, а таксама яго былых супрацоўнікаў. Распачатыя дзве крымінальныя справы: па арт. 235 КК (Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).