Бог даруе. Канапацкая сцвярджае, што сабрала 100 тысяч подпісаў
10.06.2020 / 08:38
Фота Надзеі Бужан
На афіцыйнай старонцы Ганны Канапацкай у фэйсбуку сцвярджаецца, што яна сабрала 100 100 подпісаў у сваю падтрымку.
Таксама Канапацкая называе сябе адзiным апазiцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзiдэнта.
Прэтэндэнтка выказвае падзяку кіраўніцтву апазіцыйных партый і рухаў за падтрымку.
«Толькі разам мы зможам адстаяць нашу Незалежнасць ад крамлёўскай агрэсіі і гібрыднага аншлюсу», — піша яна.
Нядаўна Канапацкая ў інтэрв'ю «Белсату» абразліва выказалася пра Віктара Бабарыку, параўнаўшы яго з педафілам, якому нельга працаваць у дзіцячым садку. «Менеджар «Газпрама» не можа быць прэзідэнтам нашай краіны», — сказала яна.
«Бог даруе», — пракаментаваў Віктар Бабарыка выпад прэтэндэнткі.
***
Віктар Бабарыка ў аўторак заявіў, што сабрана 230 тысяч подпісаў, у панядзелак Валерый Цапкала назваў лічбу ў 119 тысяч подпісаў.