Памерла легенда беларускага тэлебачання Ніна Шоба. Яна прыдумала назву для «Калыханкі»

09.06.2020 / 15:00

Фота mk.by

Легенда беларускага тэлебачання Ніна Шоба памерла на 83-м годзе жыцця, паведамляе телеграм-канал Агенцтва тэлевізійных навін.

Ніна Шоба нарадзілася ў 1937 годзе ў Асіповічах. Дэбютавала ў раённай газеце «Калгасная праўда». Затым паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Пасля яго заканчэння была размеркавана ў літаратурна-драматычную рэдакцыю Гомельскай студыі тэлебачання. Праз тры гады пераехала ў Мінск і 45 гадоў працавала на Беларускім тэлебачанні.

Ніна Шоба стаяла ля вытокаў перадач «Усе мы родам з дзяцінства» і «Сузор'е надзей», «Вас выклікае Спартландыя».

Менавіта Шоба ў 1981 годзе прыдумала назву для легендарнай перадачы «Калыханка». Таксама яна стаяла ля вытокаў «Дзіцячага Еўрабачання» ў Беларусі.

Была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, піша Tut.by.

Nashaniva.com