Афіцыйная сацыялогія: рэйтынг даверу Лукашэнку ў Мінску — 24%, Ярмошынай — 11%

Беларускія сацыялагічныя службы не вымяраюць электаральны рэйтынг палітыкаў, бо не атрымліваюць замовы на такія даследаванні ад органаў улады.

06.06.2020 / 19:13

Аляксандр Лукашэнка, фота Надзеі Бужан

Тым не менш у краіне пастаянна праводзяцца сацыялагічныя апытанні, якія вымяраюць «узровень даверу» да розных дзяржаўных органаў — напрыклад, судоў, міліцыі, войска. 

Падлічваецца і «ўзровень даверу прэзідэнту». Гэта адзіная сацыялагічная лічба, на якую можа арыентавацца акружэнне Лукашэнкі. Вынікі такіх даследаванняў не трапляюць у публічны доступ. 

Чарговае такое апытанне праводзілася ў Беларусі ў сакавіку-красавіку 2020 года. У ім прынялі ўдзел каля 2110 чалавек (на розныя пытанні лічба трохі большая ці меншая), з іх каля 395 чалавек — у Мінску.

«Нашай Ніве» сталі вядомыя вынікі гэтага даследавання. Дакумент быў дасланы ў тэлеграм-канал журналіста Арцёма Гарбацэвіча. Крыніцы выдання пацвердзілі, што гэта рэальны дакумент.

Мы публікуем некаторыя лічбы па Мінску. Апытанне Інстытута сацыялогіі паказала, што ўзровень даверу кіраўніку краіны ў сталіцы апусціўся да 24%. У ранейшыя гады лічба была істотна большай.

Варта мець на ўвазе, што ў аўтарытарных краінах людзі, атрымліваючы званок з пытаннямі пра палітычную сітуацыю, часцяком пазбягаюць адказаў з крытыкай улады.

Цікавая і сітуацыя са стаўленнем грамадства да Цэнтрвыбаркама на чале з Лідзіяй Ярмошынай. Яму давяраюць 11,1% апытаных мінчукоў — такога нізкага даверу няма ні да аднаго ведамства. 

Ці давяраеце вы прэзідэнту? (Мінск)

Адказ Колькасць Працэнт
Так 95 24%
Не 149 37,6%
Няма адказу/складана адказаць 152 38,4%

***

Ці давяраеце вы Цэнтрвыбаркаму? (Мінск)

Адказ Колькасць Працэнт
Так 44 11,1%
Не 188 47,7%
Няма адказу/складана адказаць 163 41,2%

Чытайце таксама: Беларускім СМІ забаранілі праводзіць інтэрнэт-апытанні аб рэйтынгу Лукашэнкі

Nashaniva.com