Бацьку Канапацкай дазволілі адкласці доўг перад дзяржавай на $8,5 мільёна

26.05.2020 / 12:07

Бацька былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай — вядомы бізнэсмен Анатоль Трухановіч. У пачатку 90-х яго нават называлі першым афіцыйным даляравым мільянерам у Беларусі. У інтэрв'ю TUT.BY бізнэсмен расказаў пра свае актывы, у тым ліку пра Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў — у сям'і Трухановіча цяпер 44% акцый прадпрыемства.

Праўда, шчыра прызнаваўся прадпрымальнік, камбінат стратны: «Калі я быў маладым і багатым, то здуру купіў акцыі Пухавіцкага КХП. Мне здавалася, што кармы для жывёл, гэтак жа як і лекі, заўсёды будуць запатрабаваныя на рынку. Бо, напрыклад, у цане кілаграма свініны доля кошту камбікорму складае 78-82%. Зыходзячы з такіх меркаванняў уклаўся ў гэтыя прадпрыемствы. І цяпер у мяне толькі праблемы». 

Днямі Савет міністраў выдаў пастанову, паводле якой аказалася, што Пухавіцкі КХП увайшоў у пералік прадпремстваў, якім дазволілі рэструктурызаваць доўг перад дзяржавай. Агулам камбінат вінен рэспубліканскаму бюджэту амаль 20 мільёнаў (19 823 560 рублёў). 

Nashaniva.com