У Беларусі прызначаны новы апостальскі нунцый
21.05.2020 / 13:18
Папа рымскі прызначыў новым апостальскім нунцыем у Беларусі харвацкага іерарха, арцыбіскупа Антэ Ёзіча. Аб гэтым паведамляе «Ватыканскае радыё».
Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 у горадзе Трыль. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1992 годзе ў складзе Сплітскай архідыяцэзіі. У 1995-м пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай касцельнай акадэміі. З 1999 года працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. Потым, з 2003-га па 2009-ы, быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 годзе стаў дарадцам па нунцыятуры ў Філіпінах.
2 лютага 2019-га папа прызначыў яго апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы. Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў уручыць 1 мая летась кардынал дзяржсакратар П'етра Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 года іерарх трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў бальніцы ў крытычным стане.
22 студзеня 2020 года арцыбіскуп Ёзіч сустрэўся з Францішкам. Біскупская сакра павінна была адбыцца 21 сакавіка ў базіліцы Святога Пятра, аднак яна была перанесена з прычыны пандэміі COVID-19.
Арцыбіскуп Ёзіч зменіць на пасадзе апостальскага нунцыя ў Беларусі венгерскага арцыбіскупа Габара Пінтэра.