Памёр дырыжор Пятро Вандзілоўскі
18.05.2020 / 16:25
tomin.by
18 мая на 66-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі дырыжор і музычны педагог Пятро Вандзілоўскі, паведамляе Tut.by.
Ён працаваў у Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестры Беларусі, быў галоўным дырыжорам Сараеўскага філарманічнага аркестра, узначальваў Дзяржаўны камерны аркестр. Больш за 20 гадоў Пятро Віктаравіч загадваў кафедрай аркестравага дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з 1999 года ўзначальваў камерны аркестр акадэміі.
Пятро Віктаравіч вёў актыўную канцэртную дзейнасць: выступаў з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі, Мінскім дзяржаўным аркестрам духавых інструментаў «Няміга», гастраляваў па Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Нідэрландам, Іспаніі, Італіі, Турцыі, Харватыі, Сербіі, Сірыі, Фінляндыі.
У Акадэміі ўдакладнілі, што развітанне пройдзе ў вузкім коле. У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Мінску часова не праводзяцца ўрачыстыя паніхіды.