Прыхільнікі «рускага свету» і СССР напісалі Пуціну. Просяць дапамогу, каб скінуць Лукашэнку
18.05.2020 / 14:16
Двое чалавек з прапанаванага спіса сапраўды падалі дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК.
«Бессмяротны полк» у Мінску. Фота Надзеі Бужан
У Рэдакцыю «НН» трапіў цікавы дакумент, у якім прадстаўнікі «левапатрыятычных сілаў Беларусі, прыхільнікі «рускага свету» і інтэграцыі з Расіяй» звяртаюцца да Уладзіміра Пуціна, дзяржсакратара Рады бяспекі Расіі Мікалая Патрушава і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Антона Вайно з просьбай падтрымаць пэўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі.
Пад зваротам падпісаліся кіраўнік вайсковага клуба «Патрыёт» Валерый Перавошчыкаў, старшыня Беларускага аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаваў Іосіф Круглікаў, кіраўнік «Бессмяротнага палка» Валерый Драко, адзін з кіраўнікоў Партыі працы і справядлівасці Аляксандр Лукашок, былы выкладчык Мікалай Панчышын, кіраўнік клуба «Адзінства» Дзяніс Правін, старшыня Брэсцкага дабрачыннага таварыства «Землякі» Сяргей Папоў, кіраўнік «Казацкага спаса» Пятро Шапко, сябра Рады ветэранаў Акадэміі МУС Уладзімір Шэін. Кіраўніком гэтага праекта прызначылі аўтара «Рэгнума» Кірыла Забаўскага.
«Просім вас аказаць падтрымку на выбарах, а таксама асабісты прыём кандыдатаў і начальнікаў штабаў з мэтай узгаднення і каардынацыі плана далейшых дзеянняў», — гаворыцца ў дакуменце.
Прарасійскія сілы хацелі вылучыць як мінімум пяцёра чалавек, якія б вялі агітацыю ў перадвыбарны перыяд. А на фінальнай стадыі ўсе, апроч аднаго, які б меў найбольшыя шанцы на поспех, зняліся б з выбараў.
Прыкладаецца і спіс з сямі чалавек, якія маглі б стаць кандыдатамі. Адзначым, што двое з іх занеслі-такі свае дакументы ў ЦВК. Пройдземся караценька па кожнай асобе з гэтага спіса.
Валерый Перавошчыкаў. Фота Змітра Панкаўца
70-гадовы Валерый Перавошчыкаў. Ён сапраўды падаў дакументы на рэгістрацыю за некалькі хвілін да канца працы ЦВК. Разам з ім усе неабходныя паперы заносіў Кірыл Забаўскі.
Адзначым важную дэталь: Перавошчыкаў нарадзіўся ў расійскай Чыце, і гэта значыць, што ён не зможа стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Такое ў нас заканадаўства.
У 1969 годзе Перавошчыкаў прымаў удзел у ваенным канфлікце між СССР і КНР на востраве Даманскі. Мае сталінісцкія погляды. Актыўна ўдзельнічае ў «Бессмяротным палку».
Глядзі таксама: Сталіністы-бальшавікі: хто арганізоўвае «Бессмяротны полк» у Мінску?
37-гадовы Аляксандр Лукашок родам з Полацка. Ён прадстаўляецца як уласнік прадпрыемства «Гідрапрэс», якое пастаўляе гідраўлічныя прэсы для чыгункі, вайскова-прамысловага комплекса, машынабудаўніцтва. Менавіта ў гэтай канторы былі «ўладкаваныя» прадстаўнікі «рускага свету» кшталту Эльвіры Мірсалімавай, якія ішлі на парламенцкія выбары ў 2019 годзе. Лукашок — кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Партыі працы і справядлівасці, якая апошнім часам стала адным з прарасійскіх аплотаў у Беларусі.
37-гадовы Дзяніс Правін родам з Добруша. Віцэ-чэмпіён Беларусі па фітнэсе, аўтар праграмы выхавання мужчынскага характару «Стрыжань». Дапамагаў у падачы дакументаў Перавошчыкаву, але сам кандыдатам не стаў.
58-гадовы Мікалай Панчышын родам з украінскай Адэсы. Скончыў МДЛУ. Працаваў перакладчыкам у савецкія часы ў Алжыры і Францыі. Выкладаў у БДУ і Лінгвістычным. Удзельнічаў у саборным руху «Белая Русь» у пачатку 90-х, дзе гуртаваліся тагачасныя чарнасоценцы.
«Казацкі атаман» Пятро Шапко
44-гадовы казацкі атаман Пятро Шапко. Пра яго «НН» неаднаразова пісала. «Казачы спас» — арганізацыя Шапко — ладзіць вайсковыя зборы для беларускіх дзяцей з удзелам расійскіх інструктараў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Шапко — адзін з самых актыўных абаронцаў ідэалаў «рускага свету» ў Беларусі.
Чытай яшчэ: «Беларускія казакі»: небяспечныя гульні
Андрэй Іваноў. Фота Надзеі Бужан
51-гадовы Андрэй Іваноў таксама занёс дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю. Але, як і ў выпадку з Перавошчыкавым, ён нарадзіўся ў Расіі, у Томску. Таму кандыдатам стаць не можа. Іваноў найчасцей называе краіну «Белай Руссю». Выступае за больш шчыльны саюз з Расіяй. Гэта той самы ідэолаг, які ездзіў па краіне і чытаў лекцыі пра масонаў і пагрозу НАТО. Ён лічыць, што развал СССР быў незаконным, а Беларусь ад 1991 года знаходзіцца ў акупацыі.
Чытай яшчэ: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў
І, урэшце, 51-гадовы Сяргей Папоў. Сябе ён пазіцыянуе як мастак, пісьменнік, паэт, філосаф, кухар, псіхолаг, будаўнік, архітэктар, канструктар і вынаходнік. Нарадзіўся Папоў у Кыргызстане. Жыве ў Брэсце.
Які ж план прапанавалі Пуціну прарасійскія сілы, каб прыйсці да ўлады ў Беларусі?
Пуціна палохаюць, што кіраўнік Беларусі рыхтуе геапалітычны разварот на Захад.
Галоўнай праблемай і перашкодай у стварэнні сапраўднай саюзнай дзяржавы называецца Аляксандр Лукашэнка. І рашаць гэтую праблему прапануецца менавіта ў 2020 годзе, пакуль яшчэ ёсць магчымасць, а не чакаць выбараў 2025 года.
Колькасць нацыяналістаў у Беларусі стваральнікі дакумента ацэньваюць у 10% насельніцтва, прыхільнікаў «рускага свету» — у 20%. Пры гэтым актыўных і там, і там «да 1%». Падпісанты лічаць, што перамагчы на выбарах немагчыма, прарасійскі «майдан» таксама зусім малаверагодны. Іх шлях заключаецца ў іншым.
Яны прапануюць выдаваць кнігі па саюзнай дзяржаве, «Гонар савецкай Беларусіі», «Святыя і прарокі Белай Русі». Кожная кніга павінна выйсці накладам 2,5-5 мільёнаў асобнікаў.
Падчас трох месяцаў перадвыбарнай кампаніі 2 тысячы аплачаных актывістаў будуць раздаваць улёткі і брашуры.
Стварэнне фільмаў пра Беларусь на каналах НТВ, РЭН-ТБ. Пры гэтым яны хочуць задзейнічаць для працы вядомых блогераў, як Нехта і А4.
Пра што яны хочуць здымаць кіно? На балтыйскі ўзор — надуманая праблема «неграмадзян», якая ў Беларусі ніколі не стаяла востра. Напрыклад, пра народжаных не на тэрыторыі Беларусі песняра Уладзіміра Мулявіна і нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пра апалячванне беларусаў, пра збліжэнне нашай краіны з НАТО. У плане ёсць нават серыя пра супольнае беларуска-расійскае пакарэнне Марса!
Адмысловая серыя сюжэтаў пра беларусаў, якія змаглі рэалізаваць сябе ў Расіі. Прыхільнікі «рускага свету» хочуць трапіць у ток-шоу да Уладзіміра Салаўёва, на «Вечаровы Ургант» і ток-шоу Андрэя Малахава. Пры гэтым гаворыцца, што ў перадачы не павінны запрашацца «памяркоўныя нацыяналісты» — Генадзь Давыдзька і Ігар Марзалюк.
Падпісанты настойваюць на тым, што Пуцін павінен да жніўня запатрабаваць неадкладнай інтэграцыі з Расіяй. А гэта, маўляў, прывядзе да таго, што кіроўная эліта будзе гатовая падтрымаць любога прарасійскага кандыдата.
Казаць усур’ёз пра перспектывы гэтых палітычных авантурыстаў не выпадае. Хутчэй за ўсё, гаворка вядзецца пра атрыманне нейкай фінансавай падтрымкі з боку Масквы, каб рашаць свае лакальныя праблемы. Зусім малаверагодна, што яны неяк паўплываюць на палітычнае жыццё краіны ў гэтым годзе.