У бюджэт у першым квартале недапаступіла 350 мільёнаў

12.05.2020 / 23:53

У бюджэт Беларусі з-за падзення аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі і зніжэння экспарту калійных угнаенняў у першым квартале недапаступіла каля 350 мільёнаў рублёў ($143 мільёны па бягучым курсе), паведаміў прэм'ер Сяргей Румас, паведамляе Interfax.by.

«У першым квартале з-за пагаршэння ўмоў працы НПЗ і зніжэння аб'ёмаў і цэн экспарту калійных угнаенняў даходы бюджэту склаліся з некаторым адхіленнем ад плана: недапаступіла каля 350 мільёнаў беларускіх рублёў», — сказаў Румас.

На яго думку, у сувязі з рэцэсіяй у сусветнай эканоміцы магчымыя складанасці з фінансаваннем капітальных выдаткаў бюджэту ў гэтым годзе.

Прэм'ер падкрэсліў, што «сітуацыя з пандэміяй каранавіруса з'яўляецца адной з асноўных рызык, якія ўплываюць на эканоміку краіны».