Лукашэнка бярэ «на сур'ёзны кантроль» захаванне «жыцця людзей»

12.05.2020 / 11:28

Фота Сяргея Гудзіліна.

Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае — зусім не статыстыка па колькасці хворых, а выратаванне жыццяў людзей. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе ў Мінску, перадае БЕЛТА.

«Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я падняў гэтае пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва. Усе гэтыя паказчыкі, кавідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас там учора было, колькі сёння і якая дынаміка, — гэта ўсё сыдзе, гэта ўсё забудуць.

А вось загінулыя людзі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, — гэта застанецца. Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і дактароў захавання жыцця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур'ёзны кантроль», — заявіў Лукашэнка.