«Як некалі ваяры баранілі Айчыну, зараз дактары ваююць з нябачным ворагам — каранавірусам»: архіепіскап Гурый запісаў зварот да вернікаў
11.05.2020 / 09:49
nevsky.by
Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснік Жыровіцкай абіцелі, пасля выпіскі з бальніцы запісаў відэазварот да вернікаў. У ім ён падзякаваў медыкам за прафесійны подзвіг, а прыхаджан — за падтрымку падчас пандэміі каранавіруса, піша «Брэсцкая газета».
«Дзякую ўсім, хто маліўся аба мне грэшным і браціі святога манастыра Жыровіцкага, і студэнтах, і выкладчыках Мінскай духоўнай семінарыі. Дзякую за дапамогу, якую вы аказваеце падчас каранціну», — сказаў уладыка Гурый.
Ён таксама выказаў асаблівую падзяку медыкам, якія знаходзяцца на перадавой у барацьбе з пандэміяй.
«Як некалі ваяры абаранялі Айчыну, так і яны ваююць з нябачным ворагам — каранавірусам. Яны сёння на перадавой, царква моліцца аб тым, каб Бог захаваў іх і даў ім здароўе», — сказаў архімандрыт.
Пра тое, што Гурый шпіталізаваны пасля велікоднай службы, стала вядома 20 красавіка. Праз два дні ў бальніцу з манастыра і Мінскай семінарыі ў Жыровічах забралі 41 чалавека, з іх 23 пацыенты — семінарысты. Усяго ў манастыры жывуць 33 манахі, а ў семінарыі, па інфармацыі мясцовых, навучаюцца 84 чалавекі. Семінарыю і абіцель закрылі на каранцін. Пакуль невядома, ці пройдуць у Жыровічах юбілейныя ўрачыстасці, запланаваныя на 18-20 мая.