У Брэсце прайшла традыцыйная акцыя пратэсту супраць акумулятарнага завода. Ёсць затрыманыя
10.05.2020 / 14:47
У нядзелю 10 мая на плошчы Леніна ў Брэсце прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць акумулятарнага завода, які пабудаваны за некалькі кіламетраў ад горада. Падобныя акцыі праходзяць у горадзе з 4 сакавіка 2018 года, паведамляе «Брэсцкая газета».
На працягу апошніх дзён перад акцыяй пратэсту былі затрыманыя шэсць чалавек: актывісты Уладзімір Мароз, Юрый Калько, Дзяніс Малышэнка, Канстанцін Астапук, Алег Вялаў і блогер Сяргей Пятрухін. Усе яны знаходзяцца ў ізалятары. Дарэчы, Сяргей Пятрухін праводзіць там свой дзень нараджэння.
Увечары 9 мая хуткая забрала ў шпіталь блогера Аляксандра Кабанава, які скардзіўся на пагаршэнне самаадчування. Цяпер ён у бальніцы ў адзіночнай палаце, да яго прыстаўленыя супрацоўнікі міліцыі.
Магчыма, масавыя затрыманні паўплывалі на тое, што на гэты раз акцыя прайшла без лозунгаў. Людзі абмеркавалі сітуацыю, якая склалася, на камеру павіншавалі Сяргея Пятрухіна з днём нараджэння, пажадалі Аляксандру Кабанаву выздараўлення і моўчкі прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста да кінатэатра «Беларусь».
Тым не менш, без затрыманняў не абышлося. Адразу пасля акцыі АМАП затрымаў праваабаронцу Рамана Кісляка і мужчыну, якога прысутныя прынялі за правакатара: ён прыйшоў на плошчу з партрэтам Лукашэнкі. Па непацверджанай пакуль што інфармацыі, затрыманыя таксама сябра прафсаюза РЭП і яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту.