Свята-Елізавецінскі манастыр, дзе быў выяўлены асяродак каранавіруса, усё ж закрыў службы для прыхаджан

30.04.2020 / 19:21

На сайце Свята-Елізавецінская манастыра, які знаходзіцца на ўскраўку Мінска, у Навінках, з’явілася ледзь заўважная абвестка, што ад 30 красавіка цягам двух тыдняў багаслужэнні ў манастыры будуць здзяйсняцца манашкамі без прыхаджан.

Яшчэ на мінулым тыдні пра Свята-Елізавецінскі манастыр пісалі, як пра адзін з найбольш актыўных агмянёў каранавіруса ў Мінску. Аднак настаяцель Андрэй Лемяшонак называў гэта хлуснёй і інфармацыйнай вайной. Надзвычай эмацыйны пост на гэтую тэму напісала расійская журналістка Марына Ахмедава, з якой звязваліся манашкі з Мінска.

На старонцы «УКантакце» манахіні Іуліяніі (Дзянісавай), якая кіруе манастырскім хорам, сёння з’явілася наступная абвестка: «Дарагія! Просім вашых малітваў аб здароўі ман. Іуліяніі. Шпіталізаваная з COVID-19 і двухбаковай пнеўманіяй. Стан стабільны, настрой добры».

У каментах да гэтага допісу таксама просяць малітваў за адну з салістак хору, якая таксама знаходзіцца ў бальніцы з каранавірусам.

БПЦ чакае вынікаў эпідэміялагічнай праверкі, якая праходзіла ў манастыры. Па выніках гэтай праверкі яны павінны зрабіць афіцыйную заяву.

Глядзі таксама: Са Свята-Елізавецінскага манастыра паступаюць сігналы пра каранавірус. Расказваем пра Андрэя Лемяшонка, які стварыў гэту імперыю

Зміцер Панкавец