«Перадавай прывітанне дарослым». Ганна Севярынец адказала Лазуткіну
У сваім фэйсбуку Ганна Севярынец дасціпна адказала на паведамленне ў тэлеграм-канале Міністэрства адукацыі.
26.04.2020 / 15:53
Андрэй! Нарэшце дабралася я і да твайго эсэ, дасланага мне праз афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства. Папрасі, калі ласка, дарослых наступным разам перасылаць мне твае работы праз пошту, бо вас у мяне шмат, і я магу заблытацца, правяраючы шчэ і тэлеграм-канал. Тым не менш эсэ тваё прачытала ўважліва.
Андрэй! Зноў тая самая праблема: тэма не раскрытая. Я прасіла адказаць на пытанне «Як будуць атэстоўвацца школьнікі?», а ты напісаў лірычную прозу на тэму «Настаўнікі ў адлюстраванні апазіцыйных СМІ». Лайфхак: каб не збівацца з тэмы, шукай ключавыя словы ў пачатковым тэксце і будуй свой адказ, выкарыстоўваючы іх у кожным абзацы.
Па-другое, Андрэй. Перачытай яшчэ раз параграф «Функцыянальныя стылі мовы». У афіцыйна-дзелавым стылі не выкарыстоўваюцца словы кшталту «переобуться в прыжке» ці «разгонять тезис». Парада: не пішы афіцыйных тэкстаў мовай, якой ты размаўляеш з сябрамі.
Па-трэцяе. Вельмі заўважная беднасць запасу ветлівых фармулёвак, Андрэй. Гэты тэкст можна было б пачаць словамі «Мы падзяляем заклапочанасць настаўнікаў» альбо «Усе нашы намаганні скіраваныя на тое, каб дзеці авалодвалі ведамі» і гэтак далей. Запішы, калі ласка, тры радкі гэтых фармулёвак у сшытак, каб запомніць.
Па дробязях: шмат таўталогіі. Вучыся падбіраць сінонімы. Што такое сінонімы — паглядзі самастойна ў гугле.
Так што, на жаль, Андрэй, пакуль неатэстацыя. Прывітанне дарослым. Спасылкі на відэаўрокі дашлю ў прыват.
Твая А. К.