Рэвалюцыя як імпульс для эвалюцыі. Як нараджаюцца Леніны і як дзейнічаюць

Сёння 100-я ўгодкі з дня смерці Уладзіміра Леніна. Вялікая мара гэтага чалавека аказалася монстрам у выкананні дыктатараў. Але яна самая дала імпульс вялікай эвалюцыі еўрапейскіх і амерыканскіх краін, дзе ўтварыліся і працягваюць існаваць самыя дэмакратычныя і квітнеючыя дзяржавы ў гісторыі чалавецтва. Чаму нас вучыць Ленін і яго спадчына?

21.01.2024 / 17:01

Васіль Шаранговіч. Ленін у Кастрычніку. 1968 год. Колер — з карціны Эндзі Уоргала «Чырвоны Ленін».

У шчодры на анекдоты савецкі час расказвалі і такі: «Пецька пытаецца ў Чапаева: «Васілій Іванавіч, ты бутэльку гарэлкі можаш выпіць?» — «Лёгка!» — адказвае Чапай. — «А дзве?» — «І дзве магу». — «А цэлую скрынку?» — «Ну…» — «А дзве скрынкі?» — «Не, Пецька, гэта толькі Ленін можа».

Хто ў СССР не жыў, той з гэтага анекдота не смяецца. Моладзь цяпер мае туманнае ўяўленне пра тое, хто такі Ленін. Старэйшае ж і сярэдняе пакаленне «вечна жывы» Ільіч суправаджаў ад нараджэння: яго партрэты, яго афарызмы, яго чарніліцы з хлеба і таварыства чыстых талерак намёртва ўбітыя ў падкорку. Ленінскія цытаты мусілі быць у навуковых працах ва ўсіх галінах — ад астрафізікі да паразіталогіі. Ленін быў адной з самых папулярных тэмаў у мастацтве: мастакі­-халтуршчыкі называлі яго «кармілец», а некаторыя маглі намаляваць з заплюшчанымі вачыма адным росчыркам — як Пікаса голуба.

І калі б Савецкі Саюз дацягнуў да 2020 года, дык 150­-годдзе правадыра сусветнага пралетарыяту, якое прыпадае на 22 красавіка, даўно ўжо сядзела б у пячонках усяго прагрэсіўнага чалавецтва: фільмы пра яго па ўсіх каналах штовечар, сацабавязальніцтвы прадпрыемстваў…

Аб’ехаць фігуру Леніна, калі гаворыш пра гісторыю ХХ стагоддзя, немагчыма. Тым больш нам, беларусам. Невядома, ці была б сёння на карце свету дзяржава Беларусь, калі б у 1917­-м да ўлады ў Расіі не прыйшлі бальшавікі. 

Вядома, называць заслугай Леніна беларускую незалежнасць няма як — яна прадукт працы Каліноўскага, Багушэвіча, «айцоў» БНР і многіх іншых нашых нацыянальных герояў. Але Ленін і распачаты ім «пераварот Расіі» стварылі для беларусаў «акно магчымасцей».

Ці рускі Ленін

Гэтае пытанне пачало мусоліцца яшчэ пры жыцці Ільіча. Чарнасоценныя і белагвардзейскія публіцысты, ківаючы на яўрэйскую (а часам — на нямецкую) кроў, ставілі Леніна на чале жыдамасонскай змовы супраць Расіі. Але

для саміх сацыялістаў пачатку ХХ стагоддзя пытанне этнічнага паходжання значыла мала. Ленін калі і ведаў, што аднаго з яго прадзедаў звалі Мойша Бланк, то не надаваў гэтаму значэння. 

Затое хітры Сталін, прыйшоўшы да ўлады, пытанне паходжання Леніна загадаў засакрэціць. І тым самым падагрэў нездаровы ажыятаж. Купіраванне праўды давяло да таго, што паходжанне Леніна і яго хваробы, яго характар і яго жанчыны — усё нараджала міфы. Бо ў бязбожным СССР з Леніна зрабілі бога, з яго сям’і — святую сям’ю, з хаўруснікаў — апосталаў. 

Гэтая мішура замінае бачыць рэальнага Леніна. Святым ён, вядома, не быў, але ці быў і дэманам, якога з яго часам лепяць?

Родны дом Леніна ў Сімбірску (цяпер — Ульянаўск). Wikimedia Commons.

Паваротная кніга

Яго продкі зрабілі неймаверную кар’еру. Прадзед Леніна па бацьку Сцяпан Ульянінаў быў прыгонным, а бацька выслужыў на ніве народнай асветы асабістае дваранства і чын, які адпавядаў генеральскаму. Так што сацыяльныя ліфты былі магчымыя і ў паўфеадальнай Расіі. Ленін раз назваў сябе «памешчыцкім дзіцём», згадаўшы сямейны маёнтак Какушкіна, дзе ён правёў нямала шчаслівых дзён у дзяцінстве і адбыў першую ссылку.

У тым Какушкіне былі зборы твораў дэмакратычных пісьменнікаў Мікалая Дабралюбава і Мікалая Чарнышэўскага. Раман апошняга «Што рабіць?» стаў для Леніна паваротнай кнігай. Ён нават у дэталях усё жыццё «ляпіў сябе» з яе персанажа, студэнта Рахметава: вучыўся рацыянальна выкарыстоўваць час, не марнаваць на пустое, сачыць за здароўем, бо яно — «казённая маёмасць» і належыць рэвалюцыі.

Брат

Няма звестак, што да паўналецця Валодзя Ульянаў неяк цікавіўся грамадскім жыццём. Ён быў амаль круглы выдатнік, хадзячая энцыклапедыя, аднак надта прыемным і адкрытым не быў — аднакласнікі яго хутчэй цанілі, чым любілі.

Часта даводзіцца чуць, што паваротнай падзеяй, пасля якой малады Ленін зрабіўся рэвалюцыянерам, стала смяротная кара ў 1887 годзе яго старэйшага брата Аляксандра. Разумнік, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, аўтар цікавых прац па біялогіі — родныя не ўяўлялі сабе, што адначасова з гэтым ён робіць бомбы, каб узарваць цара.

Калі Сашу павесілі, расказваў Ленін, ад іх сям’і адвярнулася ўся сімбірская публіка. Некаторыя былыя прыяцелі нават пераходзілі на іншы бок вуліцы, каб не вітацца.

Пункт невяртання

Сістэма дала малодшаму брату «дзяржаўнага злачынца» шанец. Ён скончыў гімназію на выдатна і быў залічаны на юрфак Казанскага ўніверсітэта. Пры Сталіне такіх не тое што ў ВНУ не бралі — адпраўлялі мужчын на расстрэл, а жанчын — у канцлагер на 25 гадоў.

Дырэктарам сімбірскай гімназіі, дарэчы, быў Фёдар Керанскі — бацька Аляксандра Керанскага, кіраўніка дэмакратычнай Расіі ў ліпені — кастрычніку 1917­-га. У Леніна Керанскі­-старэйшы выкладаў славеснасць і логіку, вельмі хваліў яго сачыненні, аднак па логіцы паставіў у атэстат адзіную «чацвёрку». З Керанскім­-малодшым Ленін таксама быў знаёмы з дзяцінства: калі малы Аляксандр хварэў, Валодзя прыходзіў ды чытаў яму кнігі.

Цікава, што іх земляком быў і Аляксандр Пратапопаў — апошні міністр унутраных спраў Расійскай імперыі, які не даў рады Лютаўскай рэвалюцыі.

Валодзя Ульянаў — малады рэвалюцыянер. 1891 год. Wikimedia Commons.

Класічная гімназія, дзе штудзіравалі лаціну і грэчаскую, логіку і славеснасць, дала Ульянаву — чалавеку з унікальнай памяццю — выдатную базу. Сотні выразаў ды лагічных канструкцый усплывалі ў яго галаве падчас напісання ўласных прац. Самыя яскравыя яго лозунгі нагадваюць лацінскія афарызмы.

Ва ўніверсітэце 17-­гадовы Ульянаў прабыў усяго тры месяцы: ён быў наймалодшым з пары дзясяткаў студэнтаў, якіх выключылі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Ён мог і не браць у іх удзелу, але зрабіў свой выбар.

Хоць жыццё і пасля падкідала Леніну шанцы збочыць з рэвалюцыйнага шляху. У канцы 1880­-х яго маці набыла маёнтак Алакаеўка, дзе будучы правадыр сусветнага пралетарыяту паспрабаваў зрабіцца «вясковым капіталістам». Скончылася тым, што сяляне скралі ў іх каня і карову, а Ленін падаў на іх у суд за патраву палеткаў — і выйграў.

Другой спробай сысці ад лёсу была адвакацкая практыка. Здолеўшы з надыходам больш ліберальных часоў экстэрнам атрымаць дыплом юрыста, Ленін кароткі час працаваў памочнікам адваката ў Самары, куды Ульянавы пераехалі, прадаўшы Алакаеўку. З двух дзясяткаў дробных спраў ён выйграў адну — аб крадзяжы бялізны на суму ў 10 капеек. Яго падабаронны быў апраўданы, а падзельнік, якога бараніў іншы адвакат, — не.

«Стары»

На момант пераезду ў Пецярбург, дзе для яго адкрывалася адвакацкая вакансія, Ленін ужо быў ідэйным марксістам. Падпольная дзейнасць захапляла яго нашмат больш, чым праца ў судзе. Ленін у 20 з нечым гадоў, з-­за ранняй лысіны і зморшчын, выглядаў нашмат старэйшым. Адна з яго мянушак была Стары — «Старыкамі» назвалі і яго гурток, які тлумачыў рабочым асновы марксізму. Тагачасныя рабочыя цягнуліся да ведаў, хацелі разумець законы эканомікі.

Дзейнасць была нелегальная, і Ленін робіцца геніем канспірацыі: пераапрананні, змена выгляду, вывучэнне пецярбургскіх закануркаў і прахадных двароў — Ільічу гэта падабалася, у яго быў тэатральны талент. 

Іх марксісцкі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу выдаў адзін з яго сяброў, зубны доктар Міхайлаў. Арганізацыю разграмілі, для Леніна гэта скончылася турмой і трохгадовай ссылкай у сібірскае сяло Шушанскае. Там Ленін упарадкаваў і сваё сямейнае жыццё: мусіў павянчацца з грамадзянскай жонкай і калегай па марксісцкай дзейнасці Надзеяй Крупскай — іначай іх выслалі б у розныя месцы.

Жонка (справа) і цешча Леніна паехалі за ім у высылку ў Шушанскае (Сібір). Wikimedia Commons.

У часы «развянчання культу» Леніна не раз пісалася, што іх шлюб з Крупскай быў чыстай фармальнасцю, што яна была яго сакратаркай і г. д. Але на самай справе «Ільічы», як іх звалі сябры, былі звычайнай сям’ёй. Ленін і Крупская не жылі б так доўга разам, калі б не былі духоўна блізкімі: норавы ў марксісцкім асяроддзі былі далёкія ад абывацельскіх нормаў. Хоць і захапленне Леніна Інэсай Арманд, з якой ён пазнаёміўся ў 1908­-м, не легенда: «тысячы пацалункаў», якія фігуруюць у іх перапісцы, выходзяць за межы чыста працоўных адносін.

Прагматык

Ленінская высылка мала нагадвала вольнае пасяленне ў сталінскія часы, калі даводзілася ў літаральным сэнсе фізічна выжываць, ды яшчэ пад пастаяннай пагрозай новага арышту. Грошай, якія выдаткоўваў ссыльным царскі рэжым, хапала на стол і дом, з Леніным жылі жонка, цешча і прыслуга, ён меў стрэльбу і сабаку, хадзіў на паляванне і, канечне ж, многа пісаў.

І ўсё ж Ленін зрабіў выснову, што шушанскі досвед лепш не паўтараць. Адарваўшыся ад інфармацыйнай плыні, ад аднадумцаў, можна было хутка страціць уплыў і асабіста дэградаваць. Надалей прагматычны Ільіч заўжды, калі было можна, абіраў эміграцыю перад гераічнай пасадкай у турму. 

Свядома на небяспеку ён ніколі не нарываўся. У гады Першай рускай рэвалюцыі, прыехаўшы ў Расію толькі ў лістападзе 1905-га, ён не быў героем рэвалюцыйных падзей. Большую частку свайго знаходжання на тэрыторыі Расійскай імперыі Ленін правёў у Фінляндыі ў даволі камфортных умовах. Ды і ўлетку 1917 года, калі яго абвінавацілі ў працы на нямецкі генштаб, Ленін не стаў рызыкаваць, як Троцкі, і не пайшоў за краты ў якасці падследнага. Яго жыццё на нелегальным становішчы было не вельмі прыемным, але нельга сказаць, што ён адчуваў у нечым нястачу. А ў кастрычніку 1917-­га Ленін з’явіўся ў Смольным інстытуце, які займалі бальшавікі, толькі тады, калі яго свабодзе і жыццю ўжо нічога не пагражала.

Прагматызм быў адной з галоўных рысаў яго натуры і палітычнага стылю. Раскалоць партыю, абліць брудам учорашніх настаўнікаў — так, калі гэтага патрабуе справа. Ухваляць «эксы» (папросту рабаванні) і рэкет — так, калі няма іншых крыніц фінансавання. Спланаваць аперацыю «Жаніхі», мэтай якой было ажаніць па разліку аднаго з хаўруснікаў ды завалодаць мільённай спадчынай — так. Узяць грошы ў краіны, якая ваюе з тваёй краінай, — так. Усё гэта давала сродкі для існавання партыі і для кантролю Леніна над гэтай партыяй. 

Сімвалічныя жэсты для Леніна не значылі нічога. Аддаць немцам Петраград, аддаць белым поўдзень Расіі ды адступіць на Урал — так, калі гэта дапаможа захаваць савецкую дзяржаву. Да ўсяго гэтага не дайшло, але ў 1921­-м Ленін аддаў Пілсудскаму палову Беларусі і Украіны, абы толькі спыніць вайну з Польшчай. І не выбіраў сродкаў падчас грамадзянскай вайны, не спыняючыся перад масавымі расстрэламі. 

Сістэмнасць, арганізаванасць, магнетызм

Калегі адзначалі ў Леніне адсутнасць «абломаўшчыны», «велікарускай расхлябанасці». Ён разглядаў сябе як механізм, які не мусіць даваць збояў, — штодня рабіў гімнастыку і сілавыя практыкаванні, каб трымаць арганізм у форме. Ён любіў камфорт і прызнаваўся, што ніколі б не жыў у камуне, дзе няма ўмоў для працы. Умеў Ленін і адпачываць — ён, напрыклад, любіў добрае піва і быў віртуозным веласіпедыстам. Яшчэ Ленін няблага іграў на гітары і любіў спяваць у кампаніі — і пры гэтым бязбожна фальшывіў.

У 1917 годзе Ленін хаваўся ў Разліве пад Сестрарэцкам і выдаваў сябе за фінскага селяніна. Wikimedia Commons.

Быў уласцівы Леніну і вялікі магнетызм.

«Ніхто, як ён, не ўмеў так заражаць сваімі планамі, так імпанаваць сваёй воляй, так падпарадкоўваць сваёй асобе, як гэты на першы погляд такі непрыглядны і грубаваты чалавек, які не мае ніякіх дадзеных, каб быць абаяльным. Ні Пляханаў, ні Мартаў, ніхто іншы не валодаў сакрэтам выпраменьванага Леніным проста­-такі гіпнатычнага ўздзеяння на людзей, я б сказаў, панавання над імі. Пляханава — шанавалі, Мартава — любілі. Але толькі за Леніным ішлі, як за адзіным, бясспрэчным правадыром»,

— прызнаваўся адзін з хаўруснікаў Аляксандр Патрэсаў.

Мара аказалася монстрам

Спалучэнне жорсткага прагматызму, інтэлектуальнай базы і працаздольнасці стварыла феномен Леніна. У ім унікальна спалучаліся аналітычныя здольнасці, філасофскі розум і талент арганізатара. І ён меў сапраўды добрыя намеры — пабудаваць больш справядлівае грамадства, з лепшымі шанцамі для людзей, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці і матэрыяльнага статусу.

Ленін у 1923 годзе, ужо смяротна хворы і практычна недзеяздольны.
Існуюць тры версіі прычыны яго смерці. Першая — прагрэсіўны паралюш, хвароба сіфілітычнага паходжання — аспрэчваецца, хоць паводзіны Леніна ў немалой меры адпавядаюць гэтаму дыягназу. Другая прычына смерці — атэрасклероз сасудаў галаўнога мозгу — пярэчанняў не выклікае. Лічыцца, што гэта спадчынная хвароба. Бацька Леніна памёр ад яе ў 54 гады, а сам Ленін — у пяцьдзясят тры. Аднак маці Леніна памерла ад такой хваробы ў 81 год. Нарэшце, некаторыя лічаць, што ў момант ранення Леніна 30 жніўня 1918 года была траўмавана сонная артэрыя і з часам стала так, што спыніўся прыток крыві ў мозг.
Фота Wikimedia Commons.

Палітычная кар’ера Леніна склалася. Яму ўдалося прыйсці да ўлады, вялікай крывёю ўтрымаць яе. Але літаральна праз пару гадоў, пад канец свайго жыцця, ён вымушаны быў прызнаць, што яго погляд на сацыялізм быў памылковы, што яго партыя стварыла ў Расіі дзяржаўны капіталізм. Нешта паправіць ён ужо не мог, хоць і хацеў. Створаная яго партыяй сістэма народзіць сталінізм, мааізм, хаджаізм, палпотаўшчыну — мільёны ахвяраў і дэградацыю чалавечай годнасці. І гэтая сістэма акажацца фатальна неэфектыўнай у эканоміцы.

«Што будзе, калі камунізм пераможа ў Сахары? — пыталіся ў Армянскага радыё ў іншым савецкім анекдоце. — Узнікне дэфіцыт пяску!»

Камунізм ленінскай мары аказаўся ўтопіяй, за якую народы — і яго партыя таксама — заплацілі страшную цану. 

У той жа час, баючыся «чырвонай пагрозы», Захад усё ХХ стагоддзе змяняўся і адыходзіў усё далей ад «дзікага капіталізму» часоў Маркса. Ці была б такая эвалюцыя настолькі хуткай, калі б не існаванне савецкай пагрозы? Менавіта на Захадзе, а не ў паўфеадальнай Расіі цягам ХХ стагоддзя адбылася сапраўдная сацыялістычная эвалюцыя. І ці не дзякуючы Леніну, які сваёй рэвалюцыяй так напужаў капіталістычны свет, што той мусіў мяняцца?