Загадчык рэанімацыі віцебскай бальніцы расказаў, як і чаму сітуацыя з каранавірусам у горадзе выйшла з-пад кантролю
22.04.2020 / 02:33
Пра тое, як спраўляюцца з эпідэміяй каранавіруса ў Віцебску, «Імёнам» расказаў Уладзімір Мартаў, які загадвае рэанімацыяй ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Цяпер ён лечыць пацыентаў з віруснымі пнеўманіямі, шмат у каго пацверджаны каранавірус. Уладзімір тлумачыць: кожны доктар можа дапамагчы дзясяткам людзей, але калі правільна арганізаваць сістэму дапамогі, можна дапамагчы — тысячам.
На працы я адчуваю сябе абароненым. Усе неабходныя сродкі абароны ў нас былі з першага дня. Мы былі гатовыя да прыёму вірусных пнеўманій. Нам загадзя ўсталявалі патрэбнае абсталяванне, дапамаглі падзяліць бальніцу на зоны.
Многія нам дапамагалі: спонсары, звычайныя людзі, калегі з Мінска, нават міністр аховы здароўя. Але наша бальніца — не паказальная для Віцебска, а, хутчэй, узорна-паказальная. У астатніх бальніцах — сітуацыя іншая. Тыя, хто прыняў на сябе першы ўдар, моцна пацярпелі: там захварэлі і дактары, і іншыя пацыенты.
Сучасная медыцына павінна вырашаць праблемы не ў момант эпідэміі, а загадзя. Мы ўсе чыталі навіны пра каранавірус яшчэ зімой. Я — доктар — і рыхтаваўся да яго прыходу як доктар: вывучаў даследаванні, як лячыць людзей з каранавірусам. Але я не мог спрагназаваць, як гэты вірус будзе распаўсюджвацца, з якой хуткасцю, якія будуць маштабы. Для гэтага ёсць іншыя прафесіі: вірусолагі, эпідэміёлагі. Не дактары, а людзі, якія займаюцца арганізацыяй аховы здароўя, закупляюць абсталяванне, сродкі абароны, прымаюць стратэгічныя рашэнні.
У Віцебску сітуацыя выйшла з-пад кантролю.
Для прыёму хворых з каранавірусамі падрыхтавалі адну бальніцу і туды адпраўлялі ўсіх са станоўчымі вынікамі тэсту. Але гэта вар'яцтва — абапірацца толькі на тэсты пры прыняцці рашэнняў. Яшчэ ва ўніверсітэце ўсіх студэнтаў вучаць, што не існуе тэстаў з пэўнасцю 100%. І што атрымалася?
Мужа са станоўчым вынікам клалі ў інфекцыйную бальніцу, якая была гатовая да такіх пацыентаў. А жонку з адмоўным вынікам, але з такімі ж сімптомамі — у іншую, дзе ніхто не быў абаронены. У мяне ў бальніцы ляжаць мама і дачка з адной сям'і. У дачкі станоўчы вынік, у мамы — адмоўны. Мама ледзь выжыла. Ход хваробы ў яе быў тыповы для ўсіх пацыентаў з каранавірусам.
Не ўлічылі і тое, што крыніц заражэння можа быць шмат: людзі прыехалі з адпачынкаў, вярталіся з працы за мяжой. З-за гэтых памылак шуганула адразу ў шмат якіх шпіталях.
Медработнікі, вядома, таксама захварэлі. І гэта — проста паскудства. Іх не папярэдзілі пра рызыкі. Яны былі ўпэўненыя, што прымаюць хворых са звычайнай пнеўманіяй і ВРВІ, якіх у гэты перыяд шмат. Я сам 22 сакавіка ездзіў у адзін са шпіталяў дапамагаць калегам — у нас не было ніякай абароны [18 сакавіка стала вядома пра першую смерць ад пнеўманіі з падазрэннем на каранавірус у Віцебску, але ўлады да 31 сакавіка публічна адмаўлялі наяўнасць складанай сітуацыі ў Віцебску, а пасля не раз заяўлялі, што сітуацыя пад кантролем — НН]. Але зусім нечакана мы сутыкнуліся з валам вірусных пнеўманій, многія з якіх былі каранавіруснымі. Сродкаў абароны не было.
Лекары, медсёстры, санітаркі, ліфцёр, раздатчыца і многія іншыя людзі бачылі, як заражаюцца і нават паміраюць іх калегі, аднакурснікі, сябры.
У шпіталях пачалася паніка і дэзерцірства: хтосьці звальняўся, хтосьці сыходзіў на бальнічны. Працаваць без абароны было нормай у савецкія часы, але для сучаснага свету гэта — дзікунства.
Калі ў бальніцы няма патрэбнага абсталявання, а ў доктара — патрэбных сродкаў абароны, ты нічога не зробіш. Ты можаш быць разумным і добрым доктарам, але ты будзеш нямоглы.
Праз тыдзень пасля ўспышкі ў горадзе ў нашай бальніцы з'явіліся сродкі абароны і патрэбнае абсталяванне. Мы праехаліся па іншых бальніцах, праверылі пацыентаў і дактароў. Сярод іх выявілі тых, каму патрэбна была дапамога з кіслародам, забралі да сябе і дапамаглі. Дзякуючы гэтаму і ўдалося пагасіць паніку.
Першы рэспіратар і ахоўны касцюм, якія я надзеў, прывезлі валанцёры. Лік тады ішоў на гадзіны, паспелі. Калі б мы пачалі прымаць хворых без абароны, захварэлі б самі. Цяпер сродкаў абароны з кожным днём — усё больш. Дзяржава прывозіць асноўную частку. Да канца эпідэміі будзем забяспечаны цалкам. Але хацелася б, каб гэта было ў пачатку.
Цяпер усіх перапаўняе любоў да дактароў. Але наўрад ці гэта будзе доўжыцца доўга. Напярэдадні эпідэміі прагрымела «справа лекараў». Гэтыя справы працягваюцца, нічога не змянілася. А калі каранавірус скончыцца, будуць зноў з намі разбірацца ўжо з нагоды спонсарскай дапамогі. Мне прывозяць дыхальныя апараты, сродкі абароны, я іх хапаю, таму што яны мне патрэбныя проста зараз, і іду працаваць. Але я не ведаю, ці правільна я іх схапіў ці не. Старэйшая медсястра проста з глузду едзе цяпер ад пісаніны — спонсарскую дапамогу трэба правільна аформіць.
Калегу ўжо тэлефанавалі з пракуратуры, нагадвалі пра працэдуру атрымання спонсарскай дапамогі. Праверкі ўжо пачаліся. Пакуль што не надта актыўна — трэба ж нам працаваць. Але няма ў мяне ілюзій, што потым усё скончыцца добра.
Такое адчуванне, што мы — на вайне, а астатнія — не. Некаторыя мае калегі некалькі тыдняў жывуць на працы. Гінеколагі, скурвенеролагі навучыліся лячыць людзей з пнеўманіяй. Мы — рэаніматолагі — займаемся хворымі, кансультуем і вучым калегаў у шпіталях. Я ўжо стаміўся, мякка кажучы. А потым, ты вынырваеш з вайны ў свет, а тут — наогул іншае жыццё. Людзі не зразумелі, што пачалася вайна. Пракуратура, праверкі, майго асноўнага работніка анестэзіёлага-рэаніматолага хочуць пакласці «на абследаванне» для прызыву ў войска. Складана супастаўляць гэтыя рэальнасці.
Я б марыў, каб з маёй дапамогай памерла менш хворых, чым без мяне, але не факт. Мы не можам усіх выратаваць, людзі паміраюць.
Тое, што ў нас не паміраюць ад каранавіруса, гэта ж не медык сказаў. Учора ў мяне ў рэанімацыі памерла медсястра, 41 год, за жыццё якой мы змагаліся паўтара тыдня.
У медработніка вірусная нагрузка на парадак большая, чым у пацыента, што заразіўся пры выпадковым кантакце ў транспарце або краме. Таму часта хада хваробы праходзіць цяжэй.
Часам і чалавек, і дактары, робяць усё, і не атрымоўваецца. Часам людзі самі сабе шкодзяць.
Адзін мой пацыент калісьці хадзіў на Эверэст і дзякуючы гэтаму вопыту выбраўся з крайне цяжкага стану. Ён ведаў, што калі кіслароду мала, яго трэба эканоміць: не крычаць, не гаварыць, не панікаваць, а проста ляжаць на жываце. Гэта вельмі важна.
На жаль, не ўсе гэта робяць, а я прымусіць не магу.
Пакуль што ў нас не такая складаная сітуацыя як у Італіі. Сыграла на руку тое, што мы заўсёды лічылі сваім недахопам — вялікая колькасць стацыянараў.
Зараз перапрафілявалі бальніцы, пакуль атрымоўваецца спраўляцца з патокам людзей. Але калі людзей стане яшчэ больш, будуць праблемы. Таму
я спадзяюся, што людзі нам дапамогуць і будуць сябе берагчы. Банальныя меры засцярогі, пра якія ўсе ведаюць: дыстанцыя, менш кантактаў, мыць рукі.
Правільная арганізацыя ратуе ў дзясяткі разоў больш, чым любы доктар. Я дапамагаю канкрэтным людзям: адзінкам, дзясяткам. Я сяджу ў акопе на перадавой і спадзяюся, што ў генеральным штабе хтосьці думае. І хачу верыць, што людзі таксама клапоцяцца пра сябе і не падстаўляюцца. Нам, дактарам, вельмі важна ведаць, што мы — не адны на гэтай вайне.
Як вы можаце дапамагчы
- Калі вы — паліклініка або бальніца, і вам патрэбныя сродкі абароны, запоўніце заяўку па спасылцы.
- Калі вы ці ваша кампанія гатовыя дапамагчы закупіць для якой-небудзь бальніцы (цалкам або часткова) і даставіць тавар, напішыце нам на пошту covid19@imenamag.by з паметкай СПОНСАР або запоўніце заяўку.
- Калі вы ведаеце кампаніі, якія вырабляюць сродкі індывідуальнай абароны, напішыце нам на пошту covid19@imenamag.by з паметкай ПАСТАЎШЧЫК або запоўніце заяўку.
- Калі вы хочаце далучыцца да праекта як валанцёр, запоўніце заяўку па спасылцы.
На «Імёнах» ідуць зборы на куплю сродкаў абароны:
- для медсясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа, сацработнікаў і валанцёраў, якія дапамагаюць пажылым людзям дома падчас каранавіруса. Падтрымаць праект можна па спасылцы https://imenamag.by/projects/corona-protection.
- для настаўнікаў беларускіх школ. Падтрымаць праект можна тут https://imenamag.by/projects/protect-teachers, націснуўшы кнопку Дапамагчы і зрабіўшы перавод праз нашу платформу або сістэму АРІП.
Платформа «Імёны» працуе на грошы чытачоў. Вы афармляеце падпіску ці робіце разавы плацеж, а рэдакцыя знаходзіць новыя гісторыі і дапамагае яшчэ большай колькасці людзей. Падтрымаць праект можна па спасылцы.