Супрацоўнікам міліцыі забаранілі ўезд і выезд з Віцебскай вобласці
29.03.2020 / 14:43
Беларускім міліцыянерам забаранілі ўезд на тэрыторыю Віцебскай вобласці, а таксама выезд з яе. Як мінімум некалькі супрацоўнікаў міліцыі знаходзяцца на каранціне. Уведзены таксама істотныя абмежаванні на перасоўванне міліцыянераў па краіне. Такую інфармацыю апублікаваў тэлеграм-канал NEXTA. У МУС заяўляюць, што абмежаванні на службовыя камандзіроўкі ўвялі не толькі на Віцебшчыне, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі, піша Tut.by.
Сапраўднасць дакумента, які размясціў тэлеграм-канал NEXTA, пацвярджаюць крыніцы TUT.BY у міліцыі — з розных рэгіёнаў і не звязаныя паміж сабой.
Яны сцвярджаюць, што ў пятніцу, 27 сакавіка, ім давялі распараджэнне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, якое выключае наведванне Віцебскай вобласці, а таксама выезд з яе. Пры гэтым, па словах працаўнікоў міліцыі, гаворка ідзе толькі пра адзін рэгіён краіны — менавіта Віцебскі.
«Усіх супрацоўнікаў азнаёмілі з гэтым распараджэннем міністра, міліцэйскаму кіраўніцтву з Віцебскай вобласці забаранілі нават прыязджаць у Мінск на нарады», — паведаміў TUT.BY адзін з суразмоўцаў.
«Міліцыі забаранілі ўезд і выезд з Віцебскай вобласці. Калі каранціну з-за каранавіруса у краіне няма, то чаму такія меры? Віцебск становіцца беларускім Бергама?» — пытаецца адзін з чытачоў.
Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава пракаментавала TUT.BY:
— У цэлым па нашым ведамстве ўсе камандзіроўкі па абласцях рэкамендавалі выключыць. Выязджаць за межы свайго рэгіёну супрацоўнікі могуць у выпадку самай экстранай неабходнасці. І на сёння ніхто з нашых супрацоўнікаў у камандзіроўкі ў іншыя рэгіёны фактычна не выязджае. Гэта робіцца ў эпідэміялагічных мэтах: для пазбягання кантактаў, прафілактыкі, недапушчэння вірусных захворванняў.
Вольга Чамаданава запэўнівае, што гэта тычыцца дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі па ўсёй Беларусі:
— Гэты прынцып у роўнай ступені выконваецца як у Віцебскай, так і ў Магілёўскай, Гродзенскай і ўсіх іншых абласцях.
Наконт таго, ці знаходзяцца зараз некаторыя супрацоўнікі міліцыі з Віцебскай вобласці на каранціне з-за каранавіруса, афіцыйны прадстаўнік МУС адзначыла:
— Так, у Віцебскім рэгіёне ёсць супрацоўнікі, якія могуць падазравацца ў захворванні. Яны знаходзяцца на абследаванні. Але гэта не гаворыць пра тое, што ў іх каранавірус і што з-за гэтага мы абмежавалі ўезд і выезд у вобласць. У першую чаргу гэта эпідэміялагічны складнік.
— Супрацоўнікі, якія знаходзяцца пад падазрэннем, здавалі тэсты на наяўнасць каранавіруснай інфекцыі?
— Вядома, яны выконваюць усе мерапрыемствы, якія прапануюць [медыкі]. Але цяпер няважна, хто гэтыя людзі — міліцыянеры ці прадстаўнікі іншай сацыяльнай службы. Самая галоўная мэта цяпер для ўсіх — выкананне прафілактычных мерапрыемстваў, якія рэкамендуе Міністэрства аховы здароўя.