Паглядзіце на лімітаваную калекцыю гадзіннікаў Hvilina «Зорка Венера»

Падабаецца?

24.03.2020 / 11:55

5 сакавіка кіраўнікі беларускай гадзіннікавай мануфактуры Hvilina і крамы Zorka Venera дамовіліся пра сумесны выпуск лімітаванай калекцыі гадзіннікаў «Зорка Венера».

Пяць асаблівасцяў «Зоркі Венеры»:

1. На цыферблаце намаляваныя не проста зоркі — гэта сузор'і, якія ззяюць у цемры: Малая мядзведзіца, Цмок і Цэфей з Палярнай зоркай у цэнтры. На заднім вечку сіметрычна адлюстраваны ўвесь начны небасхіл з характарыстыкамі гадзінніка на беларускай лацінцы.

2. Для яшчэ большага паглыблення ў касмічную і планетарную тэматыку цыферблат падзелены на 24 гадзіны, замест звыклых 12, і складаецца з дзвюх асноўных частак: дзённай і начной. На правай частцы адлюстраваны лагатыпы дзвюх кампаній, на левай — зорнае неба і каляндар.

3. На канцы стрэлкі змяшчаецца стылізаваная планета Венера, якая ў вячэрні і начны час з'яўляецца на небасхіле цыферблата.

4. Аднак асноўнай асаблівасцю гадзінніка з'яўляецца зрушэнне класічнага цыферблата на 90 градусаў адносна стандартнага размяшчэння. Дзяленне на 12:00 светлавога дня размяшчаецца насупраць календара 00:00.

5. Гадзіннікі будуць выкананыя на базе кварцавага швейцарскага механізму. Корпус з нержавеючай сталі, шкло мінеральнае, загартаванае. Воданепранікальнасць — 30 метраў. Люмінафор на стрэлцы і на цыферблаце дасць незвычайнае свячэнне элементаў у цёмны час сутак. Раменьчык зроблены з натуральнай скуры. Габарыты: дыяметр 43,4 мм, таўшчыня 9,5 мм, шырыня раменьчыка 22 мм.

«Мы рады супрацоўніцтву з такой крэатыўнай камандай, як Zorka Venera. Упэўненыя, што наша партнёрства будзе плённым. Нам адразу падалася цікавай перспектыва такой калабарацыі і спадабалася створаная хлопцамі канцэпцыя, якую, як нам здаецца, удалося паспяхова ўвасобіць у жыццё. Мы заўсёды рады і адкрыты да такіх праектаў», — адзначыў дырэктар гадзіннікавай мануфактуры Hvilina Андрэй Гараўскі.

«Мы вельмі рады пачатку супрацоўніцтва з кампаніяй Hvilina. Ідэя стварэння дадзенай канцэпцыі нарадзілася ў нас даўно. Дызайн быў распрацаваны нашымі партнёрамі з Hvilina. Усяго плануецца выпусціць 300 сініх і 300 чорных экзэмпляраў. Набыць іх можна будзе ў нашай краме і ў інтэрнэт-краме кампаніі Hvilina», — сказаў дырэктар крамы Zorka Venera Васіль Бялько.

У продажы лімітаваная калекцыя з'явіцца ў пачатку чэрвеня. Пакінуць заяўку на перадзамову можна ўжо цяпер на сайце.

Публікуецца на правах рэкламы