Шрайбман назваў самага моцнага апазіцыйнага палітыка ў Беларусі
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у відэапраекце «Ток» з Настассяй Роўдай сказаў, каго лічыць самым моцным апазіцыйным палітыкам і як будзе праходзіць транзіт улады Лукашэнкі.
11.03.2020 / 14:36
Арцём Шрайбман. Фота Надзеі Бужан
— Як ты лічыш, хто сёння самы моцны апазіцыйны палітык?
— Гэта вельмі складанае пытанне. Я думаю, па патэнцыяле — Зміцер Дашкевіч, а з тых, хто сёння прэтэндуе на адзінага кандыдата, бадай што, Павел Севярынец (пры ўсім маім рознагалоссі з ім і дыстанцыі, якая ёсць у нас з ім па поглядах). Вось, мабыць, так.
— Хто, калі не Лукашэнка?
— Дзясяткі чалавек здольныя выконваць гэтую работу проста зараз.
— Ты думаеш, гэта будзе хтосьці з праўладнага блока?
— Так, канечне! Беларусь не тая краіна і сістэма, дзе ў апазіцыі ёсць шанец хутка ў выпадку нейкай турбулентнасці ўкараніцца ва ўладныя інстытуты, перахапіць уладу: для гэтага яна мусіць быць інкарпараваная загадзя.
Калі паглядзець на ўсіх рэвалюцыйных лідараў (я ўжо не кажу, калі транзіт праходзіць сам па сабе): Грузія, Украіна і ўсе астатнія — заўсёды ва ўладу прыходзілі былыя. Юшчанка — былы чыноўнік пры Кучме, Саакашвілі і Бурджанадзэ былі чыноўнікамі пры Шэварнадзэ. Гэта ўсё чыноўнікі былой улады. Таму і нашыя апазіцыянеры павінны быць укаранёныя загадзя, я не бачу такой сітуацыі ў Беларусі, каб улада падпусціла апазіцыю так блізка — да пасады міністраў, прэм’ер-міністраў.
Таму, хутчэй за ўсё, на 95% гэта будзе набліжаны да Лукашэнкі чалавек, якога ён сам падбярэ, або ў выпадку спантаннага транзіту, што я называю (такі эўфемізм для слова «смерць» ці фізічнай няздольнасці выконваць свае абавязкі), гэта ўсё роўна будзе кансэнсус эліт, стаўленік кіруючых эліт.
Паколькі мы ўжо падыходзім да восені гэтага аўтарытарнага рэжыму — мы ўжо ў ёй насамрэч — трэба прыглядацца да людзей на другіх пазіцыях. Якімі б шэрымі, невыразнымі, няздольнымі, безыніцыятыўнымі яны нам ні падаваліся, з іх будзе набірацца наступная кіруючая эліта. Калісьці і Пуцін быў шэрай наменклатурнай мышшу, пасля ён вырас у аднаго з самых эфектыўных аўтакратаў свету. Таму не трэба спісваць з рахункаў нават тых, хто сёння нам здаецца няздольным кіраваць краінай. Ёсць такі выраз: маска прырастае да твару. Пабудзеш прэзідэнтам з такімі паўнамоцтвамі пару год — харызма нарасце.
Выпуск цалкам:
- 0:35 — калі сутыкаўся з антысемітызмам,
- 2:54 — што падабаецца і не падабаецца ў Ізраілі,
- 5:36 — ці адчувае сябе беларускім патрыётам,
- 5:48 — пра панты на факультэце міжнародных адносін БДУ,
- 8:55 — галоўная праблема беларускай адукацыі,
- 11:26 — чаму спачатку не ўзялі на Tut.by,
- 13:25 — хто навучыў журналістыцы,
- 15:05 — самацэнзура,
- 16:57 — чаму не пісаў пра феномен Колі Лукашэнкі,
- 17:28 — чаму не закранае тэму жанчын у асяроддзі Лукашэнкі,
- 18:59 — як вербавалі ў КДБ,
- 20:30 — як рабіць палітычную аналітыку без інсайдаў,
- 23:47 — палітычная сітуацыя ў Беларусі,
- 27:59 — ці варта чакаць больш жорсткага дзяржаўнага кіравання,
- 29:22 — чаму ходзіць на выбары і за каго галасаваў у 2010-м,
- 33:04 — як ставіцца да Моладзевага блока,
- 35:21 — што можа разварушыць беларускую апазіцыю,
- 36:58 — хто самы моцны беларускі апазіцыйны палітык,
- 37:27 — хто, калі не Лукашэнка,
- 39:55 — калі і як сыдзе Лукашэнка,
- 41:39 — ці зменіцца штосьці ў палітычным плане ў бліжэйшыя пяць год,
- 42:20 — ці стане жанчына прэзідэнтам Беларусі,
- 43:28 — ці маюць Наталля Качанава і Наталля Эйсмант палітычную моц,
- 45:18 — пра першы шлюб,
- 48:13 — якія жанчыны падабаюцца,
- 49:01 — што думае пра феміністак і ці сам фемініст.