Віктар Марціновіч: У людзях назапашваецца змрочны настрой, які можа нечакана праявіць сябе
11.03.2020 / 09:12
Фота з Марша «дармаедаў» у Мінску 15 сакавіка 2017 года, Сяргей Гудзілін
Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра тое, як хутка мы губляем разуменне таго, што адбываецца навокал — у нашай краіне і свеце.
Не трэба падманвацца адносным зацішкам пасля падзей «чорнага панядзелка».
«Нафтавая вайна» Беларусі з Расіяй, на якую хаця б гіпатэтычна можна было ўплываць з Мінска, змянілася нашмат больш разбуральнай «нафтавай вайной» Расіі з усім светам. І ў агляднай будучыні цэны на былы ўзровень не адскочаць, трэба рыхтавацца да працяглага перыяду таннай нафты, слабага RUR і як вынік — аслаблення беларускай валюты на фоне далейшай рэцэсіі ў эканоміцы.
У Расіі, дарэчы, ужо рыхтуюцца: агучаныя ў аўторак ў Думе ініцыятывы аб роспуску парламента, датэрміновых выбарах і перадачы права прызначэння прэзідэнта Дзяржсавету — добры сцэнар для адвязвання выбарнасці эліт ад волі народа. А найпрыгажэй будзе, калі ў дадатак да «абнулення» тэрмінаў Пуціна, адлік знаходжання ва ўладзе будзе весціся ад моманту прыняцца змен у Канстытуцыю, як гэта было ў Беларусі ў 1996 (тады «праблемы 2024» проста не будзе, як не было і выбараў у 1999 — цудоўны шлях застацца ў крэсле без аніякага галасавання).
Беларусь жа працягвае роспачна каціцца ў красавік, калі хочаш — не хочаш, а давядзецца прызначаць выбары, бо апошні тэрмін для іх — 31 жніўня, а на падрыхтоўку патрэбныя 3,5-4 месяцы (выбары ў 2015-м былі прызначаныя 30 чэрвеня на 11 кастрычніка).
Каб вы разумелі: раней асноўнай праблемай было тое, што не ўсім бюджэтнікам стала хапаць на заробкі мінулага года. Бо прыбыткаў паменела. І трэба ініцыяваць «рэформы», якія пры гэтай «размеркавальнай» сістэме могуць палягаць толькі ў тым, каб недаплачваць няважным бюджэтнікам (не задзейнічаным проста ў працы выбарчых камісій і разгоне мітынгаў пасля) і дадаваць крышачку «важным».
Цяпер на воз падкінула гною.
Цяпер да змяншэння сум у разліковых лістках дадалося аслабленне пакупніцкай здольнасці. На цэны на Камароўцы аслабленне беларускай валюты пакуль не паўплывала, але цягам 3-4 месяцаў (акурат пад канец жніўня) — паўплывае.
Арцём Шрайбман прадказвае, што «бюджэтнікі ў выбаркамах наўрад ці паспеюць дайсці да той фазы адчаю, каб правесці лагічную сувязь паміж тым, як яны лічаць галасы, і тым, якія ў іх заробкі».
Я б да гэтага дадаў, што сутнасць рэформы заробкаў якраз у тым і была, каб грошы з бюджэтаў размяркоўвала начальства працоўных калектываў зыходзячы з іх асабістага ўдзелу ў важных для сістэмы падзеяў (наяўнасці ў выбаркамах). То тут сапраўды не пра іх размова.
Размова — пра вуліцу.
Збядненне насельніцтва — цяпер ужо не якіх-небудзь прадпрымальнікаў, абкладзеных падаткамі, але «свайго», бюджэтнага, насельніцтва — ласкава запрашае гэтае насельніцтва задумацца.
Сітуацыя ляціць проста ў дзевяностыя.
Вы не дапускалі, што ў 1996-м мітынгі Пазняка былі настолькі масавымі не таму, што грамадзяне былі нашмат больш свядомым, чым цяпер? А проста нафта brent каштавала $23. І ўсе людзі, залежныя ад дабрабыту сістэмы, усе пенсіянеры і службоўцы мусілі палітызавацца, бо не разумелі, што адбываецца, як палучкі могуць быць настолькі малымі, а цэны — вялікімі.
Дадайце да таго, што за апошнія 25 гадоў сістэма паслядоўна выціскала людзей з прыватнай ініцыятывы і рэкрутавала, рэкрутавала вось гэтых «сваіх», залежных ад бюджэтнай рэнты.
Пасля пазаўчорашніх падзей brent каштуе $37, але з улікам планаў арабаў павялічваць здабычу, з улікам яшчэ адной неспадзяванкі для сусветнай эканомікі — каранавіруса, які блакуе вандроўкі і як вынік — патрэбу чалавецтва ў паліве, прагнозы пра падзенне да $20 не выглядаюць так ужо алармічна.
То менавіта несістэмная палітыка можа пачаць уяўляць найбольшую небяспеку для «красаты» выбараў. У людзях назапашваецца змрочны настрой, які можа нечакана праявіць сябе, як толькі пачнуцца першыя прарывы. Нават калі проста не зарэгіструюць каго з тых, што раней не збіралі вялікіх гуртоў.
Каранавірус адкрыў сітуацыю, калі чалавецтва страціла базавае разуменне таго, што адбываецца навокал. Калі ўсе папярэднія мадэлі рацыянальнасці больш не працуюць. Я толькі што атрымаў ліст пра тое, што мой візіт на Ляйпцыгскі кніжны кірмаш адмяняецца. Праз адмену самога Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу… Як і Лонданскага, дарэчы.
Мы быццам зноў у 1348 годзе, калі да Еўропы падступіла чума, што пахіснула сляпую веру ва ўсёмагутнасць і міласэрнасць Бога.
Тады асноўнай версіяй «экспертаў» было, што «чорная смерць» зрабілася Ягонай помстай за моду на занадта доўгія туфлі з загнутымі мыскамі. Быццам Бога могуць раз’юшыць апранахі.
Да каранавіруса зямляне верылі ў медыцыну і антыбіётыкі.
Гаварылі пра гуманізм.
Пяшчоту і цярпімасць да іншага.
Сітуацыя з круізнымі лайнерамі з некалькімі хворымі, лайнерамі, што вымушаныя былі кружыць паміж краінамі, бо ніхто не наважваўся прыняць іх пасажыраў, — новая ілюстрацыя таго, як хутка страчваецца наш хвалёны гуманізм.
Будзем спадзявацца, мы не прыйдзем да нечаканых высноў адносна межаў доўгацярпімасці беларускага народа праз распачаты «каранавірус рубля».