У Мінску пакажуць «Аповесць пра Трышчана» — беларускі спектакль XVI стагоддзя
Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (Кірава, 16) 30 і 31 сакавіка, 2 і 4 красавіка. Сеансы: 11:00, 13:00, 15:00.
10.03.2020 / 14:03
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» прэзентуе батлеечны спектакль. Ён грунтуецца на «Аповесці пра Трышчана» — беларускім варыянце легенды пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду.
«Аповесць пра Трышчана» — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў другой палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы. Ён вылучаецца творчым падыходам да тэксту і багаццем беларускай літаратурнай мовы таго часу.
Батлейка — народны лялечны тэатр. Зараджэнне яго ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст. Арганізатарамі відовішчаў спачатку былі манахі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегіумаў, але хутка батлейку перанялі мяшчане і сяляне, тэатр стаў народным.
Адметнасць батлейкі, якую прэзентуе «Стары Ольса», — жывое музычнае суправаджэнне ўсяго спектакля на старадаўніх інструментах.
У якасці тэатральнай скрыні выкарыстана старая шафа 1930-х, аздобленая барочнымі элементамі.
Прэм’ерныя паказы адбудуцца ў час вясновых школьных канікул. Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, іх бацькоў і ўсіх цікаўных да старадаўняй культуры.
Квіткі каштуюць 12-15 рублёў, іх можна купіць анлайн.
Інфалінія: (44) 551-77-06, (29) 851-77-06
Падзея Укантакце.
Падзея ў Facebook.