20 лет назад погиб создатель романтического мифа о ВКЛ Микола Ермолович. Вспоминают друзья

05.03.2020 / 14:06

Ровно 20 лет назад, 5 марта 2000 года, под колесами такси оборвалась жизнь исследователя, историка, педагога и патриота Миколы Ермоловича, который вернул белорусам память о Великом Княжестве Литовском, пишет издание «Новы час».

Благодаря Ермоловичу, в 1990-х годах в школах стали рассказывать о том, что белорусы назывались литвинами и что Великое Княжество Литовское было белорусским государством.

Его книги «Па слядах аднаго міфа» и «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» вдохнули в нас гордость и уважение к предкам, к своей земле и ее истории.

Издание предоставило слово тем, кто был знаком с ним лично.

«Выкліканыя Ермаловічам дыскусіі цяжка пераацаніць»

Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў прысвяціў Міколу Ермаловічу нарыс у сваёй кнізе «Імёны Свабоды». Спадар Уладзімір згадвае, што праца Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа» вельмі доказна абвяргала афіцыйную канцэпцыю гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага адносна таго, што нібыта літоўскія феадалы захапілі беларускія землі. Твор быў напісаны ў 1968 годзе, але аб яго публікацыі ў тыя часы немагчыма было і думаць, таму кніга пашыралася ў самвыдаце па ўсёй краіне.

— Я памятаю, як мне мой сябра, паэт Алесь Касцень з Паставаў, паслаў бандэролькай гэтае надрукаванае на папіроснай паперы даследаванне Ермаловіча, і патэлефанаваў мне, каб сказаць, што адправіў. Дык яно ішло месяц з Паставаў да майго Полацка. Мы жартавалі, бо, па-першае, яно дайшло, што вельмі цешыла, і мы потым пашыралі яго ў Полацку, а па-другое, абмяркоўвалі, колькі ж людзей у розных кабінетах яго прачытала па дарозе з Паставаў да Полацка.

У 1990-я, калі адбылося прызнанне Ермаловіча, ён атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Кастуся Каліноўскага за кнігу «Старажытная Беларусь», медаль Францыска Скарыны, Уладзімір Арлоў неаднаразова ездзіў з ім на выступы ў розныя гарады.

Ён прыгадвае, што гэта заўсёды было цікава, бо ў Ермаловіча была бясспрэчная харызма, якая вельмі адчувалася, калі ён захапляўся выступам.

— Цяпер акадэмічная навука, прафесійныя гісторыкі мяркуюць, што Ермаловіч быў рамантыкам у сваёй працы. Але тое, што ён спарадзіў дыскусію і актывізаваў акадэмічных гісторыкаў на новыя даследаванні гісторыі Вялікага Княства з беларусацэнтрычных пазіцый, — гэта бясспрэчна, — перакананы Уладзімір Арлоў. 

— Яго творы «Па слядах аднаго міфа» і «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» былі ўважліва прачытаныя і ў Літве і, натуральна, выклікалі там вельмі вострую крытыку. Але, я думаю, што яны таксама паспрыялі таму, што частка літоўскіх гісторыкаў, прынамсі, сучаснай генерацыі, глядзіць на гісторыю ВКЛ іначай, чым той самы спадар Гудавічус, які выдаў таўшчэзную «Гісторыю Літвы са старажытных часоў да 1569 года», прымудрыўшыся не згадаць ні Беларусь, ні беларусаў. Таму працы Ермаловіча спрыялі таму, каб частка літоўскіх гісторыкаў пачала больш узважана глядзець на супольнае мінулае. Выкліканыя ім навуковыя і грамадскія дыскусіі цяжка пераацаніць.

Уладзімір Арлоў натхняўся спадчынай Міколы Ермаловіча, працуючы над кнігамі «Айчына» разам з мастаком Паўлам Татарнікавым і «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» са Змітром Герасімовічам. Цяпер ён падрыхтаваў да друку чацвёртае выданне «Імёнаў Свабоды», дзе сярод герояў будзе спачылая летась Наталля Санько, якая непасрэдна займалася распаўсюдам твору «Па слядах аднаго міфа» Міколы Ермаловіча, тады яшчэ ў самвыдаце.

Міколу Ермаловічу яшчэ паспелі аддаць належнае пры жыцці: ён ганаровы грамадзянін Маладзечна, меў шэраг узнагародаў, хаця сам ставіўся да іх абыякава. Але Уладзімір Арлоў перакананы, што смерць Міколы Ермаловіча — з ліку тых, што застануцца на сумленні цяперашняга беларускага рэжыму. Даследчык амаль навобмацак хадзіў па вуліцах, гэта было страшна. І, урэшце, праз гэта загінуў.

«У іншай дзяржаве чалавек з такімі заслугамі атрымаў бы і адпаведны медычны догляд, і аўтамабіль з кіроўцам. Між тым Ермаловіч мусіў рухацца па Мінску амаль навобмацак. У сакавіку 2000 года ён, пераходзячы вуліцу, загінуў пад коламі таксоўкі, так і не паспеўшы ўзяць у рукі сваю выніковую кнігу «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае»», — напісаў Уладзімір Арлоў у «Імёнах Свабоды».

«Ён, амаль невідушчы, расплюшчыў нам вочы на Беларусь»

Яшчэ адзін суразмоўца, краязнаўца, выдавец, лідар нефармальных суполак у Маладзечне Міхась Казлоўскі ўзгадвае, што 20 — 30 гадоў таму ў горадзе было шмат знакавых постацяў, сярод якіх — Мікола Ермаловіч, Генадзь Каханоўскі, і многія іншыя.

Менавіта яны, нібыта тыя атланты, трымалі на сваіх плячах Беларусь.

З Міколам Ермаловічам Міхась Казлоўскі пазнаёміўся ў 1981 годзе і ўсё жыццё да апошняга шляху даследчыка захоўваў з ім вельмі цёплыя сяброўскія адносіны. Знаёмства адбылося дзякуючы краязнаўцу і гісторыку Генадзю Каханоўскаму. Увогуле, у гутарцы спадар Міхась часта згадвае Ермаловіча і Каханоўскага разам. Кажа, што ў патрыятычным асяродку іх нават звалі паміж сабой Кірыла і Мяфодзій, бо яны дапаўнялі адзін аднаго і рабілі справу, параўнальную па сваім маштабе са справай стваральнікаў славянскай азбукі.

— Калі я даведаўся, што ў яго кепскі зрок, то адпачатку ўзнікла нейкая напружанасць адносна Міколы Іванавіча. Але літаральна з першых хвілін знаёмства яна знікла. Адразу было бачна, што перад табой — асоба. Ён быў імпульсіўны, імгенна загараўся, актыўна жэстыкуляваў, — згадвае спадар Міхась.

З часам іх сустрэчы сталі добрай традыцыяй, балазе жылі Міхась Казлоўскі і Мікола Ермаловіч непадалёк адзін ад аднаго. Спадар Міхась быў частым і жаданым госцем у доме Ермаловічаў, і распавядае, што ў Міколы Іванавіча не было вялікай бібліятэкі, бо мэтанакіравана кнігі ён не збіраў і з радасцю дзяліўся імі з сябрамі.

— Шмат хто кажа, што напачатку 1980-х не было кніг і столькі даступнай інфармацыі, як цяпер. Але тыя, хто жадаў пра нешта даведацца, інфармацыю знаходзілі. У Міколы Ермаловіча ўжо тады я бачыў тры маленькія кніжачкі п’ес Францішка Аляхновіча віленскага выдання з бібліятэкі ксяндза Адама Станкевіча. Ён даў мне іх пачытаць, а праз нейкі час падараваў. Тады ж я ўпершыню ўбачыў у яго «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага, пасля ён даў мне пачытаць сваю працу «Па слядах аднаго міфа».

Менавіта ад Міколы Ермаловіча Міхась Казлоўскі даведаўся пра тое, дзе была гістарычная Літва. Канцэпцыя Ермаловіча лагічная і пераканаўчая, лічыць Міхась Казлоўскі. Ён кажа, што кожны беларускі гісторык перадусім павінен мець бларусацэнтрычны погляд, які меў Мікола Ермаловіч.

— Цяпер часам я бачу стрэлы ў бок Ермаловіча, маўляў, рамантык. Але я хачу сказаць, што і Карамзін не быў прафесійным гісторыкам, але ж да гэтага часу яго твор «История государства Российского» перавыдаецца. Таму пачакайце ўпікаць Ермаловіча. Ён, амаль невідушчы, расплюшчыў нам вочы на Беларусь.

У Маладзечне на рагу вуліц Валынца і Віленскай стаіць валун з шыльдай ганароваму грамадзяніну горада Міколу Ермаловічу, які ўсталяваў клуб «Спадчына» ў 2003 годзе. Часам даводзіцца чуць, што гэты помнік не адпавядае асобе даследчыка. Але Міхась Казлоўскі перакананы: галоўнае, што месца ўжо «забраніравана», а вялікі помнік у свой час паўстане.

 Ён гэтага заслугоўвае. У Міколу Іванавічу спалучаліся навуковы падыход, апантанасць і чалавечнасць. Як у жыцці, так і ў навуцы ён быў сапраўдны — гэта слова, якое, бадай, найбольш адпавядае яго характарыстыцы.Суразмоўца згадвае, як напачатку 1980-х яны разам ездзілі ў вандроўкі: ці тое ў Мілавіды адзначаць угодкі перамогі паўстанцаў Каліноўскага над царскімі войскамі, ці тое на магілу Каруся Каганца на роднай для Ермаловіча Койданаўшчыне, ці тое ў Ракуцёўшчыну на свята паэзіі.

— У 1982 годзе мы паехалі ў Вязынку на 100-годдзе Янкі Купалы. Цэлую ноч мы там адзначалі Купалле. Рэй вяла тады «Беларуская майстроўня». Потым разам вярталіся з Ермаловічам дадому, і мне зранку трэба было ісці на працу. І Мікола Іванавіч, чалавек больш сталага ўзросту, перадусім падумаў не пра сябе, а пра мяне і даў мне свой знакаміты вялікі партфель, на якім я спаў у электрычцы, пакуль ехалі з Вязынкі да Маладзечна.

Міхась Казлоўскі захаваў у памяці некаторыя выказванні Міколы Ермаловіча, якія не страцілі сваёй актуальнасці і дагэтуль. 

«Беларусам трэба гуртавацца, бо мы пакуль яшчэ слабыя». «Разумны чалавек на кампраміс ідзе, але на капітуляцыю не ідзе». «Мы павінны працаваць, як краты: гэтай працы вы не бачыце, а прыходзіце вясной у сад — а там крот працаваў. «Трэба рабіць павольна, але няўхільна»

— Гэта старое пакаленне, якое зазнала, што такое рэпрэсіі — у Міколы Іванавіча быў рэпрэсаваны бацька, сам ён неаднаразова меў непрыемнасці і прафілактычныя гутаркі. Але гэтыя людзі нібыта праходзілі праз кузню — былі загартаваныя. Яны не былі шматслоўнымі, але былі канкрэтнымі і сапраўднымі. Мне пашанцавала ведаць такіх людзей. Яны не гулялі ў Беларусь. Яны верылі ў будучыню сваёй мовы, культуры, сваёй краіны і прысвячалі гэтаму ўсё сваё жыццё.

Такіх постацяў, кажа спадар Міхась, цяпер у Беларусі няма. Гэта былі людзі, магутныя духам. Ад іх можна было запальвацца.Памяць пра Міколу Ермаловіча жыве і пасля яго сыходу.

Варта аддаць належнае: у маладзечанскім Палацы культуры і раённай бібліятэцы праходзяць вечарыны памяці даследчыка, канферэнцыі, выходзяць кніжкі і брашуры, дзе згадваецца яго імя.

Але ці дастаткова гэтага?Налета Міколу Ермаловічу споўніцца 100 гадоў. Здаецца, гэта юбілей, які варта адсвяткаваць у рэспубліканскім маштабе.

І не чакаць, пакуль урачыстасці арганізуюць улады, а рабіць так, як рабіў сам Ермаловіч: ціха, павольна, але няўхільна.…

На Старых могілках Маладзечна, што знаходзяцца за прыпынак ад горада ля чыгуначнай станцыі Фестывальны, Мікола Ермаловіч спачывае побач са сваёй жонкай Лідзіяй Цімафееўнай. Ніколі не быўшы на яго магіле, я знаходжу яе сярод іншых пахаванняў досыць хутка: на адваротным баку помніка напісана: «Ён любіў Беларусь…»

20 нечаканых фактаў пра Міколу Ермаловіча