Мова суддзяў і каралёў: як навукоўцы 80 гадоў збіралі старабеларускую лексіку

12.03.2020 / 21:12

Над Гістарычным слоўнікам беларускай мовы навукоўцы Акадэміі навук працавалі амаль 80 гадоў. Сёлета калектыў гэтага шматтомніка вылучаны на Дзяржаўную прэмію ў галіне навукі і тэхнікі. Пра тое, чаму гэта праца заняла столькі часу і што з сабранай лексікай будзе далей, «Нашай Ніве» распавяла навуковая супрацоўніца аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Ганна Федарэнка.

Картатэка сабранай старабеларускай лексікі XIV-XVIII стагоддзяў захоўваецца ў такіх шафах. Усяго іх шэсць

Неабходным стварыць такі слоўнік лічыў яшчэ вядомы беларускі філолаг Яўхім Карскі. Ён прапаноўваў прааналізаваць найважнейшыя дакументы і літаратуру XIII-XVIII стагоддзяў і параўнаць з лексікай украінскай і польскай мовы адпаведнага перыяду. Аднак праз вялізны аб’ём працу ўсё адкладалі.

Ізноў гэта пытанне ўзняла слоўнікавая камісія Інстытута беларускай культуры. Распачаць працу вырашылі ў 1927 годзе. На руках у навукоўцаў тады было 20 старажытных пісьмовых крыніц, але яны разлічвалі падчас падрыхтоўкі слоўніка адшукаць новыя дакументы. Але пачаліся 1930-я, рэпрэсіі, і справу ў чарговы раз давялося адкласці.

Трэцяя спроба (ужо ўдалая) была ў 1960 годзе. Ініцыятарам стаў лінгвіст Аркадзь Жураўскі.

Працу над слоўнікам нарэшце распачаў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

У выніку ў слоўнік увайшла старабеларуская лексіка XIV-XVIII стагоддзяў, якая сустракалася ў свецка-мастацкіх, рэлігійных і дзелавых пісьмовых крыніцах. Большасць вывучаных дакументаў адносяцца да канца XV — сярэдзіны XVII стагоддзя.

На карткі навукоўцы выпісвалі старабеларускія словы і кантэкст, у якім яны ўжываліся

«Трэба сказаць, што, на жаль, нашыя помнікі знаходзяцца дзе заўгодна, толькі не дома. Гэта і Расія, і Польшча, і Літва. Калі пры Савецкім Саюзе ў нейкай меры прасцей можна было атрымаць звесткі, зрабіць фотакопіі, то цяпер гэта складана і надзвычай дорага», — расказвае пра цяжкасці Ганна Федарэнка.

Першы том гістарычнага слоўніка (а ўсяго іх 37) выйшаў у 1982 годзе. Над выданнем працавала некалькі пакаленняў навукоўцаў, каля 25 чалавек. Некаторыя з іх — Валянціна Мяснікова, Аляксандр Булыка, Іван Крамко — прысвяцілі гэтаму даследаванню ўсё жыццё.

У гэтых тамах сабралі і патлумачылі значэнне 75 тысяч старабеларускіх слоў. Гэта лексіка, якую ўжывалі ў Баркулабаўскім летапісе, Статутах ВКЛ, Біблейскіх кнігах, Граматах каралёў, Трыбунале. Гэта мова Скарыны, Буднага, Сапегі, Цяпінскага.

«Аснову тагачаснай мовы складала агульная ўсходнеславянская лексіка, але шмат таксама ўласнабеларускіх і запазычаных слоў», — заўважае Ганна Федарэнка.

Раней пляменніка, сына брата, называлі «братанак», ёмішча для захавання лістоў — «лістоўня», а таго, хто любіць раскошнае жыццё, — «раскошнік».

Сярод посуду для напояў былі «гарватка», «кварта», «аловеннік».

Іншыя словы змянілі сваё значэнне. Калі цяпер кубкам называюць посуд для гарачых напояў, то колькі стагоддзяў таму — для алкаголю.

Акадэмікам раней быў студэнт іезуіцкай навучальнай установы, а цяпер гэта найвышэйшае навуковае званне.

У інстытуце кажуць, што сабраная лексіка можа спатрэбіцца ў распрацоўцы рэгіянальных слоўнікаў, слоўнікаў запазычанняў. Плюс на яе падставе можна зрабіць указальнікі да электронных збораў старажытных рукапісаў. Гэта запатрабаваны матэрыял для этнографаў, мовазнаўцаў, літаратараў.

А некаторыя словы, дадае Ганна Федарэнка, можна вярнуць у мову — выкарыстоўваць, напрыклад, у найменні кампаній, тавараў, паслуг, прадуктаў харчавання.

«Ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве гэта першая завершаная работа», — кажа яна пра гістарычны слоўнік.

Наталля Лубнеўская