Кітай абвінавацілі ў выкарыстанні прымусовай працы ўйгураў на фабрыках сусветна вядомых кампаній
02.03.2020 / 22:13
Улады Кітая ў рамках дзяржаўнай праграмы па «сацыяльным перавыхаванні ўйгураў» у 2017-2019 гадах як найменей 80 000 уйгураў прымушалі да працы на фабрыках 83 міжнародных кампаній, такіх як Apple, Nike і Dell. Да такой высновы прыйшлі эксперты ўрадавага інстытута Australian Strategic Policy Institute (ASPI), перадае BBC.
У апублікаванай даследчыкамі справаздачы гаворыцца, што ўмовы, у якіх працавалі ўйгуры з правінцыі Сіньцзян, што ўдзельнічалі ў праграме, «даюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што гаворка ідзе аб прымусовай працы».
Фабрыкі, на якіх павінны былі працаваць рабочыя, былі далёка ад іх дома. Некаторых уйгураў дэпартавалі на месца працы з «цэнтраў перавыхавання», арганізаваных кітайскім урадам для «асіміляцыі ўйгураў у асноўнае кітайскае грамадства».
Уйгуры вымушаныя былі жыць у паасобных інтэрнатах, дзе за імі ўвесь час сачылі. У вольны ад працы час яны былі абавязаныя наведваць урокі паўночнакітайскага дыялекту і трэнінгі па ідэалагічнай падрыхтоўцы. Пры гэтым ім забаранялася ўдзельнічаць у рэлігійных абрадах.
Мяркуецца, што міжнародныя кампаніі, якія фігуруюць у дакладзе, не ведалі аб прымусовай працы ўйгураў на фабрыках сваіх пастаўшчыкоў.