Ад застольнага праекта да партызанскага атрада — эвалюцыя «Крамбамбулі» ў жывым выступе ВІДЭА
Праект, названы ў гонар старажытнага моцнага напою, паўстаў на пачатку гэтага стагоддзя і засведчыў іншы бок творчасці Лявона Вольскага — іранічны і забаўляльны. Але гэта не ўратавала яго ад забаронаў. У выніку чаго лірыка і музыка сталі куды больш жорсткія, а з застольнага праекта «Крамбамбуля» пераўтварылася ў партызанскі атрад.
04.03.2020 / 10:13
У жывым сэце ў студыі Belsat Music Live ў фармаце Premium «Крамбамбуля» сыграла свае найвядомейшыя хіты з абодвух перыядаў свайго музычнага жыцця.
У размове з Мірай Шульц удзельнікі гурта распавялі пра прычыны кардынальнай змены іміджу «Крамбамбулі», першыя песні і канцэрты, а таксама самыя смешныя моманты, якія здараліся падчас выступленняў.
Belsat Music Live — гэта аўтарскі праект Сяргея Будкіна. Штотыдзень на тэлеканале «Белсат» айчынныя і замежныя музыкі граюць ужывую ў студыі, а таксама размаўляюць з вядучымі пра сваю творчасць.