«Пазванілі а 5-й раніцы, і мяне забрала хуткая». Ізалююць студэнтаў і выкладчыкаў БНТУ, якія камунікавалі з хворым на каранавірус

28.02.2020 / 09:57

Іранскі студэнт, які захварэў на каранавірус, вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. 

Сёння ўначы медыкі пачалі ізаляваць студэнтаў і выкладчыкаў, якія ўваходзілі ў яго кола кантактаў. 

«Пазванілі а пятай раніцы, сказалі, што праз гадзіну мяне забярэ хуткая, — сказаў «Нашай Ніве» выкладчык БНТУ. — Завезлі ў шпіталь ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У боксах размешчаны па некалькі чалавек, медыкі заходзяць са сродкамі абароны ўсімі. На нашым паверсе каля двух дзясяткаў чалавек. Кажуць, што і ўся студэнцкая група ізалявана. Колькі тут трэба быць, пакуль невядома, кажуць пра два тыдні». 

Ва ўніверсітэце інфармацыю пакуль не каментуюць. 

Медыкі працуюць у інтэрнатах Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Nashaniva.com