Вірусолаг назваў галоўнае адрозненне каранавіруса ад вострай рэспіраторна-віруснай інфекцыі

28.02.2020 / 08:48

Адрозніць сімптомы каранавіруса ад сімптомаў ВРВІ складана, іх галоўнае адрозненне — у тэмпературы цела. Пры ВРВІ яна будзе высокай. Пра гэта заявіў вірусолаг, дырэктар Інстытута медыцынскай паразіталогіі, трапічных і трансмісіўных захворванняў Сечанаўскага ўніверсітэта ў Маскве Аляксандр Лукашоў, перадае ТАСС.

Паводле яго слоў, высокая тэмпература з'яўляецца адным з асноўных сімптомаў ВРВІ, але не каранавіруса. У астатнім гэтыя вірусы маюць падобную сімптаматыку, адзначыў Лукашоў. «Ад грыпу клінічна адрозніць складана. Адзінае — высокая тэмпература, скажам 39 градусаў, не характэрная для новага каранавіруса», — сказаў ён.

Таксама пры каранавірусе кашаль пераважна сухі. Мокры кашаль, як правіла, з'яўляецца сімптомам бранхіту, дадаў вірусолаг.

Пры падазрэнні на каранавірус Лукашоў параіў адразу тэлефанаваць у хуткую і нікуды не хадзіць, каб пазбегнуць рызыкі перадачы інфекцыі.

Каранавірус прыйшоў і ў Беларусь: прывёз студэнт з Ірана. Ён і яго атачэнне ізаляваныя ў інфекцыёнцы

Nashaniva.com