Як сартаваць пакеты, кубачкі з-пад ёгурту, тэтрапак — парады дырэктара мінскага смеццесартавальнага завода
Калі размова заходзіць пра сартаванне смецця, часта ўзнікаюць спрэчкі. Адны актывісты раяць перамываць усю тару, перш чым адпраўляць яе ў кантэйнер, іншыя кажуць, што чэкі праз шкодную фарбу нельга выкідаць у паперу, а накрыўкі ад бутэлек — у пластык. Але ці ўсе гэтыя парады дарэчныя ў беларускіх рэаліях? Што адбываецца са смеццем на нашых перапрацоўчых заводах? На спрэчныя пытанні «Наша Ніва» папрасіла адказаць Дзмітрыя Кучука, генеральнага дырэктара смеццесартавальнай станцыі «Заходняя» і лідара партыі «Зялёныя».
25.02.2020 / 11:09
Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан
Што рабіць з закруткамі ад бутэлек і кубачкамі з-пад ёгурту?
Закрутку, як і пластыкавую бутэльку, адпраўляем у кантэйнер для пластыку. Толькі яе спачатку трэба адкруціць, бо яна вырабленая з іншага палімеру. Закрутка — гэта поліэтылен, а бутэлька — поліэтылентэрафталат.
«І той, і той пластык вельмі запатрабаваны на прадпрыемствах, якія займаюцца далейшай перапрацоўкай.
З закруткі можна зрабіць выключальнік. З бутэлькі робяць флексы — рубяць на кавалачкі па сем міліметраў, мыюць і аддаюць на хімічныя прадпрыемствы, дзе яны ідуць на валакно. Гэта валакно пасля можа патрапіць да вас у адзенне, у аўтамабільную абіўку», — кажа Дзмітрый Кучук.
А вось кубачкі з-пад ёгурту выкідаць у пластык нельга. Матэрыял, з якога яны выраблены, цяжка паддаецца перапрацоўцы і практычна не мае рынкавага кошту. Таму кубачкі адпраўляюцца на палігон.
Ці трэба адмываць тару?
Неабавязкова — на заводзе яе і так адпраўляюць на мыйку. Ачышчаюць нават упакоўкі з-пад сланечнікавага алею, хоць раней з гэтымі бутэлькамі былі складанасці і яны часта ішлі на брак.
Этыкеткі таксама можна не зрываць. На перапрацоўчых кампаніях ёсць тэхналагічныя ўмовы, каб іх адмыць.
Ці варта збіраць арганіку асобна?
Толькі пры ўмове, што вы самі будзеце яе ўтылізаваць — нашы заводы яе не перапрацоўваюць.
«Вы можаце сказаць насельніцтву: «Давайце нам арганіку!» — а потым усё роўна павезяце на звалку. Пакуль не створаны тэхналогіі ў рэгіёне, прасіць людей збіраць арганіку асобна не зусім карэктна», — кажа Дзмітрый Кучук.
У Еўропе распаўсюджана наступная тэхналогія: на ўмывальнік ставіцца здрабняльнік, і туды адпраўляюцца біялагічныя адходы. Потым са змывам яны трапляюць у каналізацыю. Здрабняльнік можна купіць і ў нас, ён каштуе 200—300 даляраў. Але па вялікім рахунку ў беларускіх рэаліях у ім няма сэнсу.
«Калі ў Еўропе з арганікі можна атрымаць біягаз, то ў нас яна не перапрацоўваецца, няма далейшай тэхналогіі, каб атрымаць нешта добрае з гэтага прадукту. Адходы трапяць на ачышчальныя станцыі, будуць абясшкоджаны, выведзены ў ілавыя астаткі, і ўсё. Для сябе вы вырашылі праблему, але далей для экалогіі яна не вырашаецца», — тлумачыць эксперт.
А што рабіць з пакетамі?
Кантэйнер для пластыку не для іх: пакеты не перапрацоўваюцца, а таму ў выніку ідуць на звалку.
Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан
Калі вы выкідаеце смецце, што пойдзе на перапрацоўку, у пакеце, не завязвайце яго.
«Не паўсюль на сартавальных лініях стаіць абсталяванне па разрыве пакету. І ёсць верагоднасць, што пакет ніхто не паспее разарваць і вашы адходы пойдуць міма касы»,
— папярэджвае Дзмітрый Кучук.
Кукурузныя пакеты, якія летась з’явіліся ў беларускіх крамах як альтэрнатыва пластыкавым, таксама ідуць на палігон.
«У мяне няма ўпэўненасці, што яны раскладуцца. Кукурузныя пакеты сталі вырабляцца нядаўна, і, здаецца, сур’ёзных даследаванняў па іх яшчэ няма», — каментуе эксперт.
«У краме малако лепш браць або ў празрыстым пластыку, або ў шкле», — раіць Дзмітрый Кучук больш экалагічны варыянт.
Куды выкідаць тэтрапак?
У агульны кантэйнер для бытавога смецця.
Насамрэч, тэтрапак магчыма перапрацаваць. У той жа Расіі яго здрабняюць і дадаюць у тратуарную плітку. У Беларусі спрабавалі арганізаваць збор і перапрацоўку выкарыстанага тэтрапаку, але пакуль ніхто не інвеставаў у тэхналогію.
А што з чэкамі і шпалерамі?
Усё адпраўляем у кантэйнер для паперы.
«Просты прыклад, што робіць шпалерная фабрыка са сваімі адходамі: яна аддае гэта на прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай макулатуры», — кажа Дзмітрый Кучук.
Часам можна сустрэць інфармацыю, што каробкі з-пад піцы нельга выкідаць у паперу, бо яны прапітаныя алеем і не прыдатныя для пераапрацоўкі. Але гэта не так.
«Аснова каробкі — гофра-тара, і яе можна паўторна перапрацоўваць тры-пяць разоў, піца ніяк не паўплывае на якасць», — дзеліцца эксперт.
Што адбываецца з выкінутым адзеннем і ручнікамі?
У Беларусі яшчэ з савецкіх часоў былі прадпрыемствы, якія займаліся перапрацоўкай тэкстылю. Але…
«Сістэмы збору ў нас няма. Пакуль, напэўна, не даходзяць рукі. Таму тэкстыльныя адходы едуць на палігон, — канстатуе Дзмітрый Кучук. — Але перапрацоўка — не праблема з пункту гледжання тэхналогіі. Тэкстыль разбіраюць па валокнах і робяць з іх набіўку для матрацаў, мэблі. Чым больш шэрсці ў складзе, тым тканіна каштоўнейшая для перапрацоўшчыка».
Самы вялікі боль беларускіх эколагаў?
Дзмітрый Кучук называе пакеты, складаную ўпакоўку і аднаразовы пластыкавы посуд. Гэтых адходаў вельмі шмат, і яны не перапрацоўваюцца ў Беларусі.
Чым беларускія заводы адрозніваюцца ад еўрапейскіх?
Важных адрозненняў два. Першае — беларускія сартавальныя лініі ў асноўным ручныя, а еўрапейскія працуюць у аўтаматычным рэжыме. Другое — на Захадзе больш прадпрыемстваў, якія маюць закончаны цыкл перапрацоўкі. Біялагічнае смецце, якое яны не могуць перапрацаваць, пераўтвараюць у біягаз. На нашых заводах такіх тэхналогій няма, таму астаткі адходаў проста вывозяцца на палігон.