Канапацкая пра праверку подпісаў для праймерыз: «Вас, Казлоў, пакусала Ярмошына?»
18.02.2020 / 14:59
Адна з прэтэндэнтак на ўдзел у праймерыз ад апазіцыйных партый, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая змясціла ў сацыяльных сетках гнеўную рэпліку наконт працэдуры праверкі подпісаў.
Канапацкая суправадзіла допіс такім фота
Справа ў тым, што Ганна Канапацкая, як і Вольга Кавалькова, былі вылучаныя на праймерыз не ад арганізацый, а самастойна. Таму ім давялося прадставіць 200 подпісаў у падтрымку.
Абурэнне Канапацкай выклікаў лідар партыі АГП Мікалай Казлоў. У канцы верасня летась АГП адмовілася вылучаць Канапацкую ў якасці кандыдата на парламенцкія выбары, сама дэпутатка пасля гэтага прыпыніла сяброўства ў партыі.
Канапацкая лічыць, што Казлоў «прабіў дно», калі заявіў, што будзе персанальна правяраць подпісы тых, хто падтрымаў Канапацкую. «Як правяраць будзеце, з чым параўноўваць будзеце дадзеныя, і дзе? Да персанальнага «куратара» плануеце звяртацца за закрытай інфармацыяй аб фізічных асобах? А часу навошта для гэтага вам столькі, цэлыя два тыдні? Павольна працуюць у «курыруемым ведамстве», або дадзеныя на картачнай форме ў іх там яшчэ, па-старому?» — іранічна піша Канапацкая.
«Я і два маіх памочнікі за тры дні з кожным з гэтых 225 чалавек, што паставілі подпіс у маю падтрымку, пагутарылі асабіста. Гэта выдатныя, сумленныя людзі, сапраўдныя патрыёты Беларусі. У найбліжэйшым атачэнні вас, Казлоў, такіх амаль няма», — працягвае спадарыня Ганна.
Канапацкая абураецца, што кіраўніком кантрольнай групы праймерыз з’яўляецца прадстаўнік АГП, а менавіта Пятро Голасаў. «Гэта ўжо зусім як у Ярмошынай атрымліваецца».
Сам кіраўнік АГП Мікалай Казлоў цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, таму ён часова недасяжны для каментароў. Каардынатар штаба па абранні адзінага, кіраўнік БСДП Ігар Барысаў пацвердзіў «НН», што кіраўніком кантрольнай групы сапраўды з’яўляецца прадстаўнік АГП Пятро Голасаў. Тым не менш у працы камісіі будуць прымаць удзел людзі з іншых арганізацый.
Як будзе адбывацца праверка? «Будуць узятыя 100 подпісаў, якія падзеляцца між прадстаўнікамі кантрольнай групы. З кожным чалавекам будзе спроба звязацца па трох розных каналах сувязі, каб пацвердзіць, ці сапраўды гэта ягоны подпіс у падтрымку кандыдата. Калі брак будзе меншы за 10%, то кандыдата зарэгіструюць для ўдзелу ў праймерыз, калі большы — то не.
Мы будзем правяраць такім чынам не толькі подпісы Ганны Канапацкай, але і Вольгі Кавальковай. Хутчэй за ўсё, у прадстаўнікоў кандыдатаў будзе магчымасць прысутнічаць падчас працы кантрольнай групы», — адзначыў Ігар Барысаў.