Як выглядае барэльеф Адама Міцкевіча ў Навагрудку, адкрыты на выходных ФОТА

10.02.2020 / 13:10

У Навагрудку ўстанавілі памятны знак Адаму Міцкевічу, паведамляе sb.by са спасылкай на «Новае жыццё». 

Прычым у барэльефа была свая перадгісторыя. Барэльеф, выраб якога датаваны пачаткам ХХ ст., быў знойдзены яшчэ да Новага года. Памятны знак з дзюралюмінію быў адноўлены і перададзены касцёлу Святога Міхаіла Арханёла. А ў мінулыя выходныя барэльеф з профілем Адама Міцкевіча ўрачыста быў усталяваны на будынку былой дамініканскай гімназіі.

Старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка падкрэсліў, што гэта знакавая падзея — даніна павагі знакамітаму земляку:

— Мы ганарымся найвялікшым і самым таленавітым паэтам, які любоў да роднага краю, сваёй Навагрудчыны, пранёс праз усё сваё жыццё.

А консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк прызнаўся, што ён адчувае бязмерную радасць ад думкі, што з'явілася яшчэ адно месца для шанавання вялікага Адама Міцкевіча, чыя творчая спадчына, бясспрэчна, належыць ўсяму свету.