Іх ужо 12: яшчэ адзін палітык заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах
10.02.2020 / 11:01
Фота Волі Афіцэравай
Кіраўнік партыі ЛДП, дэпутат Алег Гайдукевіч будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні камітэта партыі ЛДП 9 лютага, піша Tut.by
Аб планах стаць кандыдатам у прэзідэнты Гайдукевіч заявіў яшчэ ў верасні 2018-га, але падкрэсліў тады, што кандыдата ад ЛДП выберуць на пасяджэнні камітэта партыі.
Па выніках пасяджэння камітэта 9 лютага, ЛДП скончыла папярэдняе фарміраванне ініцыятыўнай групы Алега Гайдукевіча і гатовая пачаць збор неабходных 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі свайго кандыдата «ўжо сёння».
— Проста цяпер у ініцыятыўную групу ўвайшло больш за 3500 чалавек і фарміраванне групы працягнецца да моманту падачы дакументаў для рэгістрацыі ў ЦВК. Сфармаваныя выбарчыя штабы ў Мінску і ў кожнай вобласці краіны, — гаворыцца ў заяве партыі.
ЛДП таксама плануе правесці Кангрэс патрыятычных сіл, на якім прадставіць праграму і каманду кандыдата ў прэзідэнты Алега Гайдукевіча.
Раней пра ўдзел у выбарах заявілі Ганна Канапацкая, Юрый Губарэвіч, Павел Севярынец, Вольга Кавалькова, Аляксей Янукевіч, Мікалай Казлоў, Сяргей Чэрачэнь. Падумваюць Аляксандр Ярашук, Сяргей Ціханоўскі і Дзмітрый Кучук, а таксама Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года.