Падборка моўных фэйлаў, якія вы дакладна бачылі, але на якія, магчыма, не звярталі ўвагі
05.02.2020 / 20:23
Кожны дзень мы бачым мноства ўказальнікаў, якія робяць жыццё прасцейшым. Паглядзіце, якія тыповыя памылкі сустракаюцца ў самых розных лакацыях нашай краіны.
Правільна пісаць: «па даручэннІ»
Манумент каля Чырвонага касцёла.
Вось такая шыльда сустракае мінчукоў і гасцей сталіцы ў самым цэнтры.
Правільна: па даручэнні. Аснова ў слове «даручэнне» сканчваецца на мягкі зычны, таму пішам канчатак -і. (Правіла на канчаткі меснага склону назоўнікаў 2-га скланення.)
Правільна пісаць: каСа
Вось яшчэ адзін прыклад — з цэнтральнага чыгуначнага вакзала.
У беларускай мове падоўжаныя зычныя ў запазычных словах знікаюць: каса, маса, меса, Адэса. Але ёсць і выключэнні: ванна, саванна, Мекка, Жанна, Ганна, Сюзанна, мадонна, панна, манна…
Правільна: дзяжурны па вакзалЕ
Працягнем гуляць па вакзале. Тут з «касамі» ўсё ў парадку, але з’яўляюцца новыя памылкі. Тут свой уплыў аказвае рускамоўны варыянт «дежурный по вокзалу».
Але ж аснова слова «вакзал» сканчваецца на цвёрды зычны, таму мусіць быць канчатак -е. Каб такога пазбегнуць, трэба вывучыць правапіс усё тых жа канчаткаў меснага склону для назоўнікаў 2-га скланення.
Правільна: па безнаяўнЫМ разліку (або гатоўкай)
Яшчэ адно найпапулярнейшае месца ў Мінску — метро.
У беларускай мове слушна будзе пісаць «каса безнаяўнага разліку». А калі хочам ужыць з прыназоўнікам — «каса па безнаяўным разліку». Такія вось асаблівасці кіравання.
Правільна: мЕтро
І яшчэ трошку пра метро.
Нягледзячы на першы склад перад націскам, літара-е- тут захоўваецца. Слова запазычанае, таму не хоча паддавацца беларускаму правапісу. Існуе яшчэ шэраг падобных запазычанняў: легенда, калектыў, герой. Гэта трэба проста запомніць.
Правільна: гандлёвы цэнтр
Выйдзем з андэграўнду, тут таксама ёсць на што паглядзець.
Навошта нам чужыя «тарговыя» цэнтры, калі ў нас ёсць свае «гандлёвыя»? Пераклад не варыятыўны — пішам «гандлёвы». «таргавацца за лепшую цану», але «гандаль», «гандлёвы».
Правільна: аДкрыты
А вось такая прыгажосць ёсць у Брэсце.
Прыстаўкі «ат-« у беларускай мове не існуе, таму пішам «аДкрытае», «аДтапыранае», «аДсартаванае».
Правільна: Перамогі
А гэта проста прыкольна
Правільна: па законЕ
Такія шыльды (з памылкай) у Беларусі багата дзе можна ўбачыць.
Усё тыя ж канчаткі меснага склону. Аснова ў слове «закон» сканчваецца на цвёрды зычны, таму пішам -е. Таксама існуе варыянт напісання «караецца законам».
Калі і вы заўважылі падобныя недарэчнасці беларускай мовы, то дасылайце сюды: t.me/movabigmistake.
Крыніца натхнення для артыкула — тэлеграм-канал «Кайфаломка«.