Анжаліка Борыс абрана старшынёй Саюзу палякаў

+ фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч

Дзесяткі людзей слухалі жывую трансляцыю з'езду на вуліцы, бо месца ў залі хапіла не ўсім.

15.03.2009 / 14:41

15 сакавіка ў Гродне на VII з'ездзе непрызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі лідэрам аб'яднання зноў абрана Анжаліка Борыс.

Для ўдзелу ў выбарах старшыні СПБ былі вылучаны дзве кандыдатуры — А.Борыс і кіраўніка Гродзенскай гарадской арганізацыі аб'яднання Мечыслава Яскевіча. Бюлетэні 163 са 165 дэлегатаў з'езда, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, былі прызнаны сапраўднымі. За Анжаліку Борыс прагаласавалі 148 дэлегатаў, за М.Яскевіча — 15.

Лідэр СПБ выказала падзяку дэлегатам з'езду за давер і падтрымку на працягу апошніх чатырох гадоў і заявіла, што працягне дзейнасць аб'яднання па нацыянальна-культурным адраджэнні палякаў, а таксама будзе імкнуцца да легалізацыі СПБ.

Удзельнікі з'езда абралі раду з 25 чалавек і прынялі адозву да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прапановай наладзіць дыялог паміж аб'яднаннем і дзяржаўнымі структурамі, які, на іх думку, павінен садзейнічаць афіцыйнай рэгістрацыі СПБ.

У сваім выступе лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч зазначыў, што ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў былі спробы пасварыць палякаў з беларусамі, аднак яны скончыліся безвынікова, паколькі «немагчыма пасварыць блізкія народы, якія на працягу стагоддзяў узаемна абагачалі культуры адзін аднаго».

БелаПАН

Дзесяткі людзей слухалі жывую трансляцыю з'езду на вуліцы, бо месца ў залі хапіла не ўсім.

Большасьць рашэнняў прымалася адзінагалосна.

Справа ад Анжалікі Борыс - Андрэй Пачобут.

Для галасавання выкарыстоўвалася пластыкавая скрынка.

Для пані Анжалікі уся заля стоячы спявала «Сто лят».

Выбары ў раду арганізацыі.

Сярод іншых гасцей прывітальнае слова сказаў Аляксандр Мілінкевіч.